З нагоды 70-годдзя з дня нараджэння беларускай паэткі Людмілы Кебіч 20 ліпеня Свіслацкая раённая бібліятэка запрасіла сваіх чытачоў на літаратурнае знаёмства “Паэтка з Гродзеншчыны”.
Да ўвагі прысутных была прадстаўлена электронная прэзентацыю “Не ружа я… я кветка палявая”, якая пазнаёміла з жыццёвым і творчым шляхам паэтэсы і празаіка, публіцыста і перакладчыка, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюзнай дзяржавы, старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Цікава было даведацца, што Людміла Антонаўна ўзнагароджана нагрудным знакам “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” (2009), што ў 2010 годзе стала пераможцай рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Лепшы твор года” у намінацыі “Песенны жанр” за цыкл песень “Словы прызнання”, узнагароджана медалём Францыска Скарыны (2014), медалём Саюза пісьменнікаў Беларусі “За вялікі ўклад у літаратуру”(2018), мае дыплом і тытул абласной прэміі “Чалавек года Гродзеншчыны” за дасягненні ў грамадска-палітычнай сферы за 2013 год.
Бібліятэкар пазнаёміла з кнігамі Л.Кебіч, раскрыўшы асноўныя тэмы яе твораў. Удзельнікі з задавальненнем чыталі вершы нашай зямлячкі.