Да Міжнароднага дня роднай мовы  бібліятэкі арганізавалі пазнавальна-гульнёвыя праграмы.

21 лютага ў філіяле “Ханчыцкая бібліятэка-клуб” у ходзе правядзення гульні-конкурса “Пагуляем у роднае слова”  дзеці даведаліся пра паходжанне свята, яго значэнне, пра багацце, выразнасць і прыгажосць беларускай мовы. Успомнілі мудрыя словы вядомых пісьменнікаў пра веліч роднай мовы.  Рабяты з захапленнем адказалі на пытанні віктарыны “Знаўцы беларускай мовы”, выканалі заданні: “Прадоўжы твор ”, “Дадай адну літару”, “Назаві казку па ўрыўку”. Заданне “Дапоўні прыказку” не абышлося без дапамогі матуль.Напрыканцы прысутныя прыйшлі да вываду, што вельмі важна ведаць родную мову, умець правільна пісаць і размаўляць на ёй, а для павышэння маўленчай пісьменнасці – трэба шмат чытаць.  Завяршылася мерапрыемства чытаннем вершаў пра родную мову.

21 лютага ў філіяле “Навадворская бібліятэка-цэнтр краязнаўства” адбылася гульня-конкурс “Смак роднай мовы”. Бібліятэкар распачала сустрэчу з чытання  прыгожага верша беларускага паэта Ніла Гілевіча “Як ты дорага мне, мая родная мова”, пасля прапанавала дзецям пазнаёміцца з адметнасцямі нашай роднай мовы, на якіх грунтуецца меркаванне замежных вучоных аб тым, што беларуская мова з’яўляецца  “другой па мілагучнасці пасля італьянскай”.

Рабяты з захапленнем удзельнічалі ў гульні-конкурсе на веданне беларускай мовы, выконвалі цікавыя заданні: “Адгадай загадку”, “Знаўцы беларускага фальклору”, “Юныя перакладчыкі”, “Прадоўжы твор”, “Адгадай мелодыю”, “Лепшы чытальнік”. Усе добра папрацавалі і справіліся з заданнямі на выдатна, паказалі сваю кемлівасць і веданне беларускай мовы. Прапанаваная кніжная выстава “Словам родным жыве Беларусь” запрасіла ў падарожжа з цікавымі і прыгожымі  дзіцячымі кнігамі беларускіх аўтараў.

Бібліятэкар філіяла “Пацуеўская бібліятэка” 21 лютага  запрасіла выхаванцаў дзіцячага садка на ўрок-гульню “Пагуляем у роднае слова”. Дзецям было растлумачана, чаму наша родная мова – беларуская,  данесена думка, што кожны чалавек павінен ведаць і шанаваць сваю мову, прыгожую і ласкавую, жывую і мілагучную, песенную і паэтычную. Пад час сустрэчы дзеці пазнаёміліся з беларускімі народнымі казкамі, з творамі беларускіх пісьменнікаў В.Віткі, А.Дзеружынскага, Я.Крупенькі, У.Мазго, В.Лукша, Я.Жабко, А.Зэкава, У.Мацвеенкі і інш. Гэта вясёлыя вершы, казкі, лічылкі, прыказкі і прымаўкі.

З вялікім інтарэсам  рабяты разгадвалі  загадкі, чыталі вершы, пацешкі, лічылкі, цікава правялі гульню “Сарока-варона”.  Па прачытаннаму бібліятэкарам  ўрыўку з вядомай беларускай народнай казкі ўзгадвалі яе назву, працяг і галоўных герояў. Напрыканцы бібліятэкар прапанавала дашкольнікам  вучыць і  шанаваць сваю мову, свае песні, казкі, звычаі, таму што гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб.

22  лютага ў філіяле “Ханявіцкая бібліятэка-цэнтр краязнаўства”  для  удзельнікаў аматарскага аб’яднання “Чытайка” адбыўся моўны турнір “Знаўцы роднай мовы”. Пачалася сустрэча з размовы пра гісторыю ўзнікнення Міжнароднага дня роднай мовы, пра неабходнасць захоўваць беларускую мову.  Затым дзве каманды “Кнігалюбы” і “Эрудыты” прынялі ўдзел у конкурсах:  “Самы кемлівы”,  “Загадкі”, “ Прадоўжы твор”, “Этнагарафічны”.

У ходзе мерапрыемства дзеці з захапленнем слухалі і чыталі вершы знакамітых беларускіх паэтаў Н.Гілевіча, Я.Купалы, У.Дубоўкі, прысвечаныя роднай мове. За актыўны ўдзел рабяты былі ўзнагароджаны салодкімі прызамі. Напрыканцы сустрэчы бібліятэкар звярнула ўвагу дзяцей на тэматычную падборку літаратуры “Роднай мовы гук чароўны”,  прадстаўленую кнігамі серый “Таямніцы беларускай мовы” і “Маленькі прафесар”, Г.Нічыпаровіча “Загадкавы свет”, В.Віткі “Урокі роднага слова” і інш.

22 лютага бібліятэкар філіяла “Вердаміцкая бібліятэка” падрыхтавала для дзяцей малодшага школьнага ўзросту гульню-конкурс “Пагуляем у роднае слова”. Разнастайныя цікавыя конкурсы “Пагуляем у рыфмы: жывы – нежывы”, “Словаведы”, “Перакладчыкі”, “Закончы прыказку”, “Адгадай загадку” выклікалі ў рабят цудоўны настрой, пазітыўныя эмоцыі. Дзеці з задавальненнем прачыталі вершы беларускіх аўтараў, пазнаёміліся з  захапляльнымі выданнямі серыі “Таямніцы беларускай мовы”, прадстаўленымі на тэматычнай выставе “З мовы вытокаў жадаю напіцца”.

22 лютага ў філіяле “Поразаўская бібліятэка-цэнтр краязнаўства” пад час гульні- конкурса   “Пагуляем у  роднае слова” вучні 4-5 класаў даведаліся,  чаму Міжнародны  дзень роднай мовы  адзначаецца  менавіта 21 лютага.  Прымаючы удзел у конкурсах “Загадкі”, “Перакладчыкі”,  “Словаведы”, “Знаўцы беларускага  фальклору”, ” Веру – не веру”, рабяты адгадвалі загадкі, перакладалі  рускія  словы на беларускую мову, выбіралі правільны адказ з прапанаваных  значэнняў  слова,  называлі заканчэнне прыказкі, згаджаліся ці не з прапанаванымі сцвярджэннямі.  Вялікую цікавасць выклікалі  кнігі  з  выставы “Роднага слова гук  чароўны”.