Філіял “Вердаміцкая бібліятэка” 22 красавіка запрасіў вучняў пачатковых класаў на літаратурнае падарожжа “Змітрок Бядуля – дзецям”, прыурочанае да 140-годдзя з дня нараджэння беларускага пісьменніка З.Бядулі. Бібліятэкар пазнаёміла дзяцей з цікавымі фактамі яго жыццёвага шляху, напрамкамі творчасці, падкрэсліўшы, што Змітрок Бядуля стаяў ля вытокаў беларускай дзіцячай літаратуры. Школьнікаў зацікавілі кароткі агляд паэмы-казкі “Мурашка Палашка”, знаёмства з цікавымі сюжэтамі казак “Казачка-цацачка”, “Іванка-прастачок”, “Скарб”, “Сярэбраная табакерка”. Таксама бібліятэкар адзначыла пра два накірункі, якія прасочваюцца ў апавяданнях пісьменніка: тэма загубленнага дзяцiнства (“Малыя дрывасекi”, “Пяць лыжак зацiркi”); iмкненне пранiкнуць ва ўнутраны свет маленькага чалавека, раскрыць яго псiхалогiю, паказаць яго здольнасцi i таленты (“Велiкодныя яйкi”, “Дзе канец свету”). Дзеці чыталі лірычныя вершы З.Бядулі, дзе ўдала спалучаецца тэма шчастлівага дзяцінства і тэма прыроды. Напрыканцы сустрэчы бібліятэкар падкрэсліла, што вершы, паэмы, казкі, апавяданні і аповесці З.Бядулі сапраўды з’яўляюцца высокамастацкімі творамі і не страцілі сваё выхаваўча-адукацыйнае значэнне для сучасных чытачоў.











