4 лютага споўнілася 215 гадоў з дня нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, беларускага пісьменніка, паэта, драматурга, класіка беларускай літаратуры, заснавальніка першага беларускага тэатра. З гэтай нагоды ў Ханявіцкай бібліятэцы-цэнтры краязнаўства і Пацуеўскай бібліятэцы прайшлі літаратурныя мерапрыемствы.
4 лютага ў Ханявіцкай бібліятэцы-цэнтры краязнаўства прайшла гадзіна з класікам “Дудар беларускі”. Удзельнікі з дапамогай слайд-прэзентацыі здзейснілі экскурс па мясцінах, дзе нарадзіўся пісьменнік і пражыў свае сталыя гады. Чытачы даведаліся, што дзейнасць В.Дуніна-Марцінкевіча шматгранна. Ён быў адметным драматургам, таленавітым перакладчыкам, актыўным грамадскім дзеячом, таленавітым акцёрам, яркім публіцыстам, перакананым асветнікам. Агляд выставы “Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч: асоба і творчасць” і літаратурная віктарына “Дудар беларускі” папоўнілі веды рабят пра чалавека, чыя творчасць пакінула след не толькі ў гісторыі, але і ў душах наступных пакаленняў.
5 лютага Пацуеўская бібліятэка арганізавала для вучняў старэйшых класаў гадзіну літаратурнага партрэта “Ён першы сеяў зярняты справядлівасці”. Пад час мерапрыемства бібліятэкар пазнаёміла прысутных з біяграфіяй беларускага пісьменніка, прывяла цікавыя факты з яго жыцця, нагадала, што жыццё Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча – гэта яскравы прыклад адданага служэння Бацькаўшчыне і народу не толькі словам, але і справай, звярнула ўвагу, што ў цэнтры яго твораў стаіць беларуская вёска, яе быт. Вучні пазнаёміліся з творчасцю Дуніна-Марцынкевіча, асаблівую ўвагу звярнулі на драматычныя творы “Пінская шляхта”, “Ідылія”. Напрыканцы мерапрыемства пачыталі ўрывак з вершаванай аповесці “Шчароўскія дажынкі”.