18 лютага вучні СШ №2 імя М.П.Масонава прынялі ўдзел у вясёлай граматыцы “Калі ласка, запрашаем – тут мы мову вывучаем!”, арганізаванай раённай бібліятэкай да Міжнароднага дня роднай мовы.
Пачалося мерапрыемства з дэкламавання вершаў вядомых паэтаў: лірычных і патрыятычных, пейзажных і філасофскіх, грамадзянскіх і інтымных. Вядучыя засяродзілі ўвагу на шматграннасці роднай мовы, прыгажосці беларускага слова, яскравасці вуснай народнай творчасці.
Пераканацца ў тым, што рабяты добра ведаюць беларускую мову дапамагла гульня-падарожжа “Па знаёмых старонках”. У ходзе гульні-падарожжа каманды “Эрудыты” і “Знаўцы” змагаліся ў конкурсах “Паэтычны”, “Закончы прыказку”, “Беларускія народныя казкі”, “Перакладчыкі”, удзельнічалі ў гульні “Загадкі з вясёлай хаткі”. Напружаным і цікавым атрымаўся конкурс капітанаў “Знайдзі і растлумач”.
Напрыканцы сустрэчы школьнікі выказалі сваю любоў да роднай мовы і на пялёстках рамонка напісалі, што наша мова прыгожая, мілагучная, ласкавая, пяшчотная, паэтычная, гаваркая, родная. Рабяты зацікавіліся тэматычнай выставай “Багата, родная ты мова…”.