13 лютага, напярэдадні Дня Святога Валянціна, члены аматарскага аб’яднання “Добрыя сустрэчы” Велікасельскай бібліятэкі сабраліся на вечарыну беларускай паэзіі “Святло кахання не згасае”.
Мерапрыемства пачалося вершам У.Нядзведскага “Адказ”. Пасля прысутныя падзяліліся сваімі меркаваннямі наконт таго, што такое каханне. Даць адказ на гэта пытанне дапамаглі вершы беларускіх паэтаў: А.Грачанікава “Актавы кахання”, Э.Агняцвет “Маладажоны”, Е.Лось “Як сустрэну прыгожага”, П.Броўкі “Пахне чабор” і іншыя. Асабліва ўразілі прысутных аповед пра лёс і каханне рэпрэсіраванага Сяргея Грахоўскага, пачуцці аб якім ён выразіў у вершы “Як я жыў без цябе?”, успаміны М.Шушкевіча пра тое, як нарадзіўся вядомы ўсім верш “Ты мне вясною прыснілася” і каму ён прысвечаны. Не пакінулі абыякавымі ўдзельнікаў вечарыны і музычныя творы на вершы беларускіх паэтаў: “Не за вочы чорныя” (сл.А.Русака, муз.Ю.Семянякі), “Толькі з табою» (сл. А.Русака, муз. I.Любана), “Раманс” (сл. М.Багдановіча, муз. С.Рака-Міхайлоўскага), “Ты мне вясною прыснілася” (сл. М.Шушкевіча, муз. Ю.Семянякі). Заключным акордам прагучаў верш Я.Янішчыц “Ты пакліч мяне. Пазаві.” Напрыканцы мерапрыемства прысутныя прыйшлі да высновы, што каханне – гэта незвычайная сіла, якая акрыляе. Згодна з традыцыяй Дня Святога Валянціна, удзельнікам былі падараваны “валянцінкі”.