24 мая тэатр кнігі “Кніжынка” Свіслацкай раённай бібліятэкі запрасіў вучняў 5 класа гімназіі №1 імя К.Каліноўскага на прагляд лялечнага спектакля па матывах казак беларускіх пісьменнікаў “На спатканне з намі казкі раскрываюцца, як краскі”.

У аснову дзеі была пакладзена добрая гісторыя пра прыгоды Курачкі, якая імкнулася дапамагчы Пеўніку, бо ён трапіў у цяжкае становішча, праглынуўшы вялікую бобінку. На дапамогу Курачцы прыйшлі добрая Кароўка і працавітыя Касцы, вясёлы Пекар і срэбная Рэчка. Дзякуючы іх дабрыні і спагадзе, Пеўнік, змазаўшы горла маслам, праглынуў бобінку і зноў весела на ўвесь двор заспяваў.

Цудоўны свет казкі прыйшоўся даспадобы і напоўніў душы маленькіх гледачоў добрымі пачуццямі, дапамог убачыць жыццёвую мудрасць і знаходлівасць лялечных герояў. Дзеці пачулі сакавітую родную мову, багата аздобленную трапнымі народнымі выразамі, прыказкамі і прымаўкамі. Напрыканцы спектакля казачныя героі разам з гледачамі праспявалі вясёлую песню “Усе вакол у нас сябры”.