У Свіслацкай раённай бібліятэцы 28 студзеня адбыўся вечар-прысвячэнне “Зоркі беларускай літаратуры”, 30 студзеня Нязбодзіцкая бібліятэка-цэнтр краязнаўства арганізавала агляд твораў “Зоркі беларускай літаратуры”, прымеркаваныя да 100-годдзя з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Івана Шамякіна і Івана Мележа.
У Свіслацкай раённай бібліятэцы да ўвагі вучняў СШ №2 імя М.П.Масонава была прадстаўлена электронная прэзентацыя, якая пазнаёміла іх з асноўнымі момантамі жыццядзейнасці пісьменнікаў, напрамкамі творчасці. Прысутныя здзейснілі цікавае падарожжа па творах, падзяліліся сваімі ўражаннямі ад прачытаных кніг майстроў беларускага слова.
Старшакласнікі праглядзелі буктрейлер на аповесць І.П.Шамякіна “Гандлярка і паэт”, пазнаёміліся з “Літаратурным календаром”, падрыхтаванымі супрацоўнікамі бібліятэкі і размешчанымі на сайце Свіслацкай раённай бібліятэкі.
З цікавасцю рабяты праслухалі агляд твораў з фонду бібліятэкі, якія варта прачытаць кожнаму. Асаблівую ўвагу надалі самаму маштабнаму ў беларускай літаратуры твору пра вайну – пенталогіі Івана Шамякіна “Трывожнае шчасце”. З творчай спадчыны Івана Мележа выдзелілі трылогію “Палеская хроніка”, два рамана з якой “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы” былі экранізаваныя.
Бібліятэкар Нязбодзіцкай бібліятэкі-цэнтра краязнаўства распавяла пра гады жыцця і грамадскую дзейнасць пісьменнікаў, звярнула ўвагу чытачоў на іх творчую спадчыну, адзначыўшы самыя значныя творы – пенталогію “Трывожнае шчасце” І.Шамякіна, якая складаецца з пяці аповесцяў – “Непаўторная вясна”, “Начныя зарніцы”, “Агонь і снег”, “Пошукі сустрэчы”, “Мост” і “Палескую хроніку” – твор пра роднае Палессе, дзе ў трох частках рамана І.Мележа “Людзі на балоце”, “Подых навальніцы”, “Завеі, снежань” сабралася хроніка беларускага жыцця часоў калектывізацыі. Прысутным было цікава пагартаць старонкі вядомых твораў, успомніць іх герояў, падзяліцца сваімі думкамі аб прачытаным. Напрыканцы сустрэчы прысутныя атрымалі памяткі-закладкі да 100-гадовага юбілею пісьменнікаў.