З нагоды 95-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча ў філіялах “Поразаўская бібліятэка-цэнтр краязнаўства”, “Навадворская бібліятэка-цэнтр краязнаўства” для людзей пажылога ўзросту прайшлі літаратурныя мерапрыемствы.
26 лістапада ў філіяле “Поразаўская бібліятэка-цэнтр краязнаўства” быў праведзены агляд літаратуры “Пясняр зямлі пад белымі крыламі”. Бібліятэкар адзначыла, што Уладзімір Сямёнавіч – адна з самых яркіх постаццяў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. Ён плённа працаваў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, літаратурны крытык, перакладчык і кінасцэнарыст. У ходзе мерапрыемства прысутныя пазнаёміліся з біяграфіяй пісьменніка, з найбольш вядомымі творамі яго шматграннай творчасці: “Каласы пад сярпом тваім”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Чорны замак Альшанскі”, “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Зямля пад белымі крыламі”, яго зборнікамі паэзіі “Бацькаўшчына светлая мая”, “Быў. Ёсць. Буду”, пачыталі вершы. З вялікай цікавасцю праглядзелі кніжную выставу “Сын Зямлі пад пад белымі крыламі” .
27 лістапада філіял “Навадворская бібліятэка-цэнтр краязнаўства” арганізаваў літаратурную сустрэчу “Па старонках У. Караткевіча”. Прысутныя, паглядзеўшы відэафільм “Свет Караткевіча”, паглыбілі свае веды аб жыцці і творчым патэнцыяле У.Караткевіча, убачылі наколькі ён шырокі і разнастайны, як праявіў сябе ў якасці драматурга, сцэнарыста, нават напісаў лібрэта, выступаў у якасці публіцыста і крытыка, з’яўляецца аўтарам многіх кніг паэзіі, перакладаў і нарысаў. Асаблівае месца адвялі аналізу рамана “Чорны замак Альшанскі”, які займае цэнтральнае месца ў творчасці аўтара. Удзельнікі мерапрыества з цікавасцю знаёміліся з падборкай літаратуры аўтара, што стала добрай рэкламай зборнікаў для дамашняга чытання.













