28 лютага з нагоды 60-годдзя з дня нараджэння беларускага пісьменніка Алеся Бадака ў бібліятэках прайшлі літаратурныя сустрэчы.

У філіяле “Ханявіцкая бібліятэка-цэнтр краязнаўства” для дзяцей было арганізавана літаратурнае знаёмства “Алесь Бадак на ўсе жанры мастак”.   Бібліятэкар расказала дзецям пра жыццё і творчасць пісьменніка. Асаблівую ўвагу яна надала аднаму з самых вядомых твораў – аповесці “Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца”. На мерапрыемстве гучалі вершы “Вецер і шарык”, “Жабяняткі”, урывак з казкі “Акварэлькі”,  песні на вершы аўтара, музыку да якіх напісаў кампазітар Алег Елісеенка. Мерапрыемства дапоўніла  кніжная выстава “Радзіму ў сэрцы я нясу”, дзе былі прадстаўлены творы аўтара.

Філіял “Пацуеўская бібліятэка” запрасіў школьнікаў у падарожжа па творах юбіляра “Маленькі чалавек у вялікім свеце”. Ва ўступным слове бібліятэкар коратка пазнаёміла з біяграфіяй пісьменніка,   прывяла  цікавыя факты з яго жыцця і творчасці, адзначыла, што творы Алеся Бадака прывабліваюць багатай фантазіяй, тонкай назіральнасцю і светлым гумарам. Яны адрасаваны не толькі юным чытачам, якія любяць займальныя сюжэты, але і кожнаму, хто хоча як мага больш даведацца пра наш навакольны свет, хто любіць прыроду. Пад час літаратурнай вандроўкі бібліятэкар прадставіла ўвазе чытачоў творы Бадака “Казачная энцыклапедыя свойскіх жывёл”, “Мы купілі кракадзіла”, “Зорка для вавёркі”, “У цёмным лесе за сіняй рэчкай”, “Ідэальны чытач”, “У цёмным лесе за сіняй рэчкай”,  “Адзінокі васьмікласнік  хоча  пазнаёміцца”.  Асаблівую ўвагу звярнула на кнігі серыі “Усім пра ўсё”: “Расліны”, “Птушкі”, “Насякомыя”, якая адрасуецца дзецям рознага ўзросту і прысвечана тэме прыроды. Напрыканцы дзеці з вялікай ахвотай узялі кнігі А.Бадака для чытання дамоў.

У філіяле “Поразаўская бібліятэка-цэнтр краязнаўства” у ходзе літаратурнага знаёмства “Алесь Бадак на ўсе жанры мастак” дзеці  пазнаёміліся з выданнямі аўтара  для маленькіх чытачоў і падлеткаў: “Зорка для вавёркі”,  “Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў”,  “Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца”, пазнавальнай  серыяй  “Усім пра ўсё”.  Прысутныя паглядзелі  фрагменты  відэасустрэчы  “Алесь Бадак. Суразмоўцы”, паслухалі песню “Мышка” на словы А.Бадака, пазнаёміліся з кніжнай выставай  “Неверагодныя падарожжы з Алесем Бадаком”.