10 мая, у дзень 140-й гадавіны з дня нараджэння вядомага беларускага пісьменніка Янкі Маўра, у рамках агульнаадукацыйнага праекта “За старонкамі вашага падручніка” у бібліятэках прайшлі літаратурныя мерапрыемствы.
Вердаміцкая бібліятэка падрыхтавала для вучняў 8 класа конкурсную праграму “Капітан нашых падарожжаў”. З дапамогай аформленай кніжнай выставы “Чалавек з крылатай фантазіяй” бібліятэкар пазнаёміла прысутных з біяграфіяй Я.Маўра, яго творчымі дасягненнямі, якія дазваляюць назваць пісьменніка адным з пачынальнікаў-першапраходцаў у жанры беларускай дзіцячай прыгодніцкай і навукова-фантастычнай прозы. Рабяты сталі ўдзельнікамі цікавых конкурсаў, такіх як “Пазнай героя па апісанні”, “Успомні назвы”, “Адгадай крыжаванку”, “Конкурс перакладчыкаў”, “Знайдзі памылку”, “Рэкламны”. Праведзенае мерапрыемства зацікавала школьнікаў і творы пісьменніка, яшче імі не прачытаныя, былі ўзяты для знаёмства.
У Навадворскай бібліятэцы-цэнтры краязнаўства ў ходзе літаратурнага калейдоскопа “Неверагодныя прыгоды з Янкам Маўрам” вучні 8 класа пазнаёміліся з жыццём і творчасцю беларускага пісьменніка, ахвотна абмеркавалі прачытаныя творы юбіляра. Больш падрабязна спыніліся на аповесці “У краіне райскай птушкі”, па якой была праведзена віктарына. Рабяты актыўна прынялі ўдзел у конкурсах: “Адгадай твор”, “Дакажы слоўца”, “Выпраў памылкі”, “Тлумачалкі”. У ходзе мерапрыемства дзейнічала кніжная выстава, на якой было прадстаўлена шмат цікавых твораў аўтара.
У Поразаўскай бібліятэцы-цэнтры краязнаўства адбыўся літаратурны партрэт “Капітан дзіцячых падарожжаў”. Бібліятэкар расказала, што сапраўднае імя пісьменніка Іван Міхайлавіч Фёдараў, прывяла цікавыя біяграфічныя звесткі. Вучні з задавальненнем паглядзелі дакументальны фільм “Капітан дзіцячых мараў”, пазнаёміліся з творамі выдатнага майстра прыгодніцкага жанру “Чалавек ідзе”, “У краіне райскай птушкі”, “Сын вады”, “Палескія рабінзоны”.