5 снежня Вердаміцкая бібліятэка сумесна з інфармацыйна-бібліятэчным цэнтрам Вердаміцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, вучнямі школы  прынялі ўдзел у літаратурнай акцыі “Незабыўны Максім Багдановіч”, прысвечанай  130-годдзю  з дня нараджэння беларускага паэта.

У ходзе мерапрыемства вядучыя распавялі аб няпростым жыццёвым шляху класіка, этапах станаўлення яго, як сапраўднага майстра беларускага слова. Яны выказалі крыўду на тое, што мала суджана было пражыць Багдановічу – ён памёр на дваццаць шостым годзе жыцця, падкрэслілі, што  імя паэта стала адным з самых дарагіх у памяці ўдзячных нашчадкаў. З вуснаў дарослых і вучняў гучалі пранікнёныя вершы Максіма Багдановіча аб Радзіме, аб цяжкай долі простага люду, роднай прыродзе, маладосці і каханні. Дырында Валерый нагадаў дзівосны акварэльны малюнак “Вечар на захадзе ў попеле тушыць кучу чырвоных кавалкаў вугля”, Пацэнка Паліна прачытала урывак з “Песень жальбы і гневу”, а Салавей Аляксандра – урывак з паэмы “Вераніка”.