10 снежня Корнадзьская бібліятэка-цэнтр эстэтычнага выхавання запрасіла ўдзельнікаў аматарскага аб’яднання “Ліра” у літаратурную гасцёўню “Нязгасная зорка на беларускім небасхіле”, прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння вядомага класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча.
Бібліятэкар нагадала жыццёвы і творчы шлях беларускага паэта, падкрэсліўшы, што яго творчасць – свет прыгажосці, гармоніі, асэнсавання жыцця, напоўненая вобразамі-сімваламі роднага краю. Усяго дзесяць гадоў доўжылася дзейнасць таленавітага сына беларускай зямлі, але творам, якія ён паспеў падарыць народу, выпаў зайздросны лёс: да яго неўміручых радкоў усё з большай сілай цягнуцца шчырыя людскія сэрцы.
Унікальнасць таленту Багдановіча ў тым, што за такі кароткі жыццёвы шлях (25-гадовы) паэт паспеў прыўнесці ў айчынную паэзію новыя жанры: санет, трыялет, рандо і іншыя, ужо вядомыя еўрапейскім літаратурам, выдаць адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў “Вянок”. У ходзе сустрэчы пранікнёна і эмацыянальна былі зачытаны вершы “Кніга”, “Завіруха”, “Зімовая дарога”, “Па-над белым пухам вішняў”, урывак з паэмы “Вераніка”.
Прагучалі фанаграмы песень “Слуцкія ткачыхі”, “Зорка Венера”, “Ой, чаму я стаў паэтам…” на словы М.Багдановіча ў выкананні “Песняроў”.