9 снежня, у дзень 130-гадовага юбілею беларускага паэта Максіма Багдановіча, у бібліятэках прайшлі літаратурныя мерапрыемствы.

Велікасельская бібліятэка арганізавала літаратурную акцыю “Чытаем разам творы Максіма Багдановіча”. Творы, якія гучалі ў выкананні ўдзельнікаў акцыі, поўныя шчырых і хвалюючых пачуццяў, адзначаны тонкім псіхалагізмам, музычнасцю, эмацыянальнасцю, жанравай і тэматычнай разнастайнасцю: санет “Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі…”, раманс “Зорка Венера ўзышла над зямлёю”, вершы “Слуцкія ткачыхі” і “Зімой”, байка “Варона і Чыж”. Мерапрыемства паказала, што кожнае пакаленне зноў і зноў адкрывае для сябе веліч асобы паэта і незвычайнае хараство яго лірыкі.

У Пацуеўскай бібліятэцы падчас гадзіны паэтычнага настрою “Ты не згаснеш, ясная зараначка” у выкананні дзяцей і настаўніка беларускай літаратуры “Дварчанскага дзіцячага сада-базавай школы” Т.У.Славецкай   прагучалі вершы “Край мой родны! Як выкляты Богам”, “Маладыя гады”, “Пан і мужык”, “Слуцкія ткачыхі”, “Зімой” і інш.

Бібліятэкар звярнула ўвагу дзяцей на тое, што на многія вершы Багдановіча напісаны песні і рамансы.   Найпрыгажэйшым рамансам застаецца яго “Зорка Венера”, які з задавальненнем усе паслухалі. Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі з цікавасцю праглядзелі відэапрэзентацыю “Незабыўны Максім Багдановіч” .

У Нязбодзіцкую бібліятэку-цэнтр краязнаўства  былі запрошаны ўдзельнікі сямейнага аб’яднання “У сямейным крузе” на літаратурны агеньчык “Паэт радзімы васілька”. Бібліятэкар рассказала аб дзяцінстве і беларускім перыядзе жыцця паэта, яго акружэнні, рознабаковым таленце Максіма Адамавіча, пра яго творчасць. Атмасфера ў бібліятэцы настройвала на лірычную размову. Удзельнікі чыталі вершы “Зорка Венера”, “Вераніка”, “Слуцкія ткачыхі”, “Па-над белым пухам вішняў…”, “Санэт”, слухалі раманс і песні на словы Максіма Багдановіча ў выкананні беларускага ансамбля  “Песняры”.