Да 100-годдзя з дня нараджэння І.Шамякіна і І.Мележа ў  Поразаўскай і Навадворскай бібліятэках –цэнтрах краязнаўства  адбылося літаратурнае знаёмства.

6 лютага ў Поразаўскай бібліятэцы –цэнтры краязнаўства адбылася літаратурная гасцёўня “Два класіка –дзве  кнігі – дзве гісторыі пра каханне”. Бібліятэкар пазнаёміла з фактамі біяграфій знакамітых пісьменнікаў, адзначыўшы падабенства жыццёвага і творчага шляху Шамякіна і  Мележа: абодва нарадзіліся на Палессі, жылі ў адным доме,  кватэры іх былі  на адной пляцоўцы,  нават дачы мелі па суседству, абодва франтавікі, абодва народныя пісьменнікі Беларусі (1972), абодва летапісцы народнага жыцця і класікі яшчэ пры жыцці. Да ўвагі прысутных быў прадстаўлены агляд іх твораў, асаблівы акцэнт зроблены на “Палескую хроніку” І.Мележа і “Трывожнае шчасце” І.Шамякіна.

Жанчыны чыталі ўрыўкі пра юнацкае каханне Пятра Шапятовіча і Сашы Траянавай, Васіля Дзятліка і Ганны Чарнушкі. У ходзе мерапрыемства былі паказаны відэаролікі “Летапісец двух эпох: па старонках жыцця беларускага класіка Івана Шамякіна”, “Выдатны майстар слова і аўтар сапраўдных шэдэўраў беларускай літаратуры  Іван Мележ”. Прагучалі вершы В.Шніпа “Балада Івана Шамякіна” і мясцовай паэтэсы В.Лукшы “Памяці Івана Шамякіна”. Напрыканцы ўдзельнікі пазнаёмілііся з творамі пісьменнікаў,  артыкуламі і кнігамі, якiя адлюстроўваюць жыццё і творчасць знакамітых літаратараў.

5 лютага ў Навадворскай бібліятэцы-цэнтры краязнаўства прайшоў агляд твораў “Чалавек вялікай душы і таленту”. Бібліятэкар распавяла пра творчую спадчыну Івана Шамякіна, якую складаюць раманы, апавяданні, п’есы, крытычныя артыкулы, дзённікі. Прысутным цікава было даведацца пра жыццядзейнасць народнага пісьменніка Беларусі. Напрыканцы сустрэчы чытачы выбралі кнігі для дамашняга чытання.