8 лютага спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа. З гэтай нагоды ў Вердаміцкай і Пацуеўскай бібліятэках адбылося літаратурнае знаёмства.

6 лютага Вердаміцкая бібліятэка прадставіла чытачам літаратурнае дасье “Творца праўдзівага жыцця”. Бібліятэкар распавяла пра жыццёвы шлях пісьменніка, дзяцінства, вучобу, цярністы салдацкі шлях у гады Вялікай Айчыннай вайны, працу у рэдакцыі часопіса “Полымя”, грамадскую дзейнасць, падкрэсліла, што творчую спадчыну пісьменніка складаюць нарысы, апавяданні, крытычныя артыкулы, дзённікі, п’есы, раманы. Вяршыняй жа яго творчасці з’яўляецца «Палеская хроніка», якая была і застаецца адным з вызначальных твораў беларускай літаратуры. Прысутным жанчынам цікава было даведацца аб нейкіх новых старонках жыцця вядомага беларускага пісьменніка і з задавальненнем яны выбралі прадстаўленыя на выставе творы для дамашняга чытання.

7 лютага Пацуеўская бібліятэка арганізавала відэаагляд “Летапісец Палескай зямлі”. Ва ўступным слове бібліятэкар пазнаёміла чытачоў з біяграфічнымі звесткамі І.Мележа, раскрыла асноўныя тэмы яго творчасці. Прысутныя з цікавасцю знаёміліся з кнігамі сусветна вядомага літаратурнага творцы, праглядзелі буктрэйлеры на яго раманы “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы”.