Да Сусветнага дня пісьменніка 4 сакавіка філіялы “Вердаміцкая бібліятэка”, “Велікасельская бібліятэка” арганізавалі літаратурныя мерапрыемствы.

Бібліятэкар філіяла “Вердаміцкая бібліятэка” правяла з вучнямі 1 і 2 класаў літаратурны брэйн-рынг “Беларускія пісьменнікі – дзецям”. У пачатку сустрэчы бібліятэкар коратка пазнаёміла вучняў з асобамі сучасных беларускіх дзіцячых пісьменнікаў; засяродзіла ўвагу на дзіцячых творах пісьменнікаў Гродзеншчыны: Людмілы Кебіч, Таццяны Сучковай, Уладзіміра Ягоўдзіка, а таксама кнігах Яніны Жабко, Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, Уладзіміра Ліпскага, Паўла Гушынца. Пазнаёміўшыся з новымі дзіцячымі выданнямі і  інфармацыяй аб творчасці пісьменнікаў, каманда дзяўчынак “Рамоначкі” і хлопчыкаў “Васілёчкі” актыўна выконвалі заданні, паказалі свае станоўчыя  вынікі на працягу ўсяго брэйн-рынга. Яны адгадвалі загадкі, герояў кніг па апісанню, называлі аўтараў, спаборнічалі ў вымаўленні скорагаворак і выразным чытанні ўрыўкаў з твораў. Рабят вельмі зацікавілі новыя прыгодніцкія і казачныя кнігі беларускіх пісьменнікаў, і яны ахвотна іх узялі для хатняга чытання. Школьнікам быў да спадобы дух спаборніцтва і атрыманыя салодкія прызы за актыўнасць на мерапрыемстве.

 

У філіяле “Велікасельская бібліятэка” у ходзе літаратурнай акцыі “Беларускія пісьменнікі – дзецям” да ўвагі прысутных была прадстаўлена віртуальная выстава “Кніжны хіт-парад. Беларускія пісьменнікі – дзецям”, відэаролікі з серыі “Маленькія чытанні”, падчас прагляду якіх дзеці слухалі вершы А.Дзеружынскага “Дзіравы парасон” і М.Чарняўскага “Незвычайны слоўнік”, апавяданне А.Зэкава “Сарока-манюка”. Бібліятэкар прапанавала ўдзельнікам кніжную выставу “Кніжныя навінкі беларускай літаратуры – дзецям”, на якой былі прадстаўлены новыя кнігі К.Хадасевіч-Лісавой, М.Чарняўскага, А.Зэкава, С.Быкавай, М.Пазнякова, Я.Калашнікава, А.Стэльмах і іншых аўтараў. Дзеці з задавальненнем чыталі вершы пра вясну з кнігі “Вясна-чараўніца”, адгадвалі загадкі з кнігі З Багамолавай “У свеце загадак”.