Да Міжнароднага дня роднай мовы ў бібліятэках ладзіліся пазнавальна-гульнёвыя мерапрыемствы.
20 лютага ў філіяле “Ханявіцкая бібліятэка-цэнтр краязнаўства” для ўдзельнікаў аматарскага аб’яднання “Чытайка” прайшла гадзіна роднай мовы “Мова: у сугуччы мінулага і сучаснага”. Пачалася сустрэча з размовы пра гісторыю ўзнікнення Міжнароднага дня роднай мовы, пра неабходнасць захоўваць беларускую мову. Затым дзеці прынялі ўдзел ў конкурсах “Выправі памылкі”, “Перакладчыкі”, “Закончыце прыказкі”, адгадвалі загадкі-жарты, дзякуючы якім здолелі паказаць свае веды і моўную эрудыцыю. Клім Леванчук чытаў прыгожы верш беларускага паэта Ніла Гілевіча “Як ты дорага мне, мая родная мова”. Напрыканцы сустрэчы бібліятэкар звярнула ўвагу на тэматычную выставу “Родная мова – крыніца натхнення!”, прадстаўленую самымі рознымі кнігамі з серыі “Таямніцы беларускай мовы” і “Маленькі прафесар”, Г.Нічыпаровіча “Загадкавы свет”, і інш. Усе ўдзельнікі мерапрыемства пагадзіліся з высновай, што нам у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, мудрая і самабытная, якой трэба даражыць, якую трэба любіць і вывучаць.
20 лютага ў філіяле “Поразаўская бібліятэка- цэнтр краязнаўства” прайшла гадзіна роднай мовы “Мова: у сугуччы мінулага і сучаснага”. Бібліятэкар паведаміла, чаму для святкавання дня роднай мовы абраны дзень 21 лютага. У ходзе мерапрыемства ўдзельнікі з захапленнем адгадвалі загадкі, злучалі пачатак і канец прыказак, слухалі і чыталі вершы знакамітых беларускіх паэтаў У.Дубоўкі, М.Танка, П.Панчанкі, М.Мятліцкага, тым самым сцвярджаючы, якая багатая, мілагучная і звонкая родная беларуская мова. Увазе прысутных прадстаўлена выстава кніг “Роднага слова гук чароўны”.
Філіял “Пацуеўская бібліятэка” 20 лютага запрасіў вучняў мясцовай школы на ўрок-гульню “З любоўю да роднай мовы”. Ва ўступным слове бібліятэкар падкрэсліла, што кожны чалавек павінен ведаць і шанаваць сваю мову, прыгожую і ласкавую, жывую і мілагучную, песенную і паэтычную. Пад час сустрэчы вучні ўдзельнічалі ў конкурсах ”Знаўцы беларускага фальклору”, “Перакладчыкі”, “Беларускія загадкі”, “Пазнай слова”, “Нечаканыя пераўтварэнні”, выконвалі заданне “Прадоўжы твор”, паказалі свае веды пад час віктарыны ”Знаўцы беларускага слова”. З вялікай ахвотай чыталі вершы беларускіх пісьменнікаў пра нашу родную мову. Запрошаная на мерапрыемства настаўніца беларускай мовы і літаратуры Славецкая Тамара Уладзіміраўна пачытала верш Пятруся Броўкі “Калі ласка”. Напрыканцы бібліятэкар напомніла вучням “Дзесяць запаведзяў аб мове” Віктара Шведа і прапанавала вучыць і шанаваць сваю мову, свае песні, казкі, звычаі, таму што гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб.
20 лютага ў філіяле “Ханчыцкая бібліятэка-клуб” прайшоў конкурс знаўцаў “З любоўю да роднай мовы”. Рабяты актыўна прымалі ўдзел у конкурсах “Перакладчык”, “Назвы месяцаў”, “Беларускія прыказкі”, адгадвалі па прыкметах і называлі прадметы, з’явы, жывых істот на беларускай мове. Гульнёвае мерапрыемства прайшло з карысцю, дапамагло замацаваць веды дзяцей аб мове, пашырыла слоўнікавы запас і паказала разнастайнасць і багацце роднай мовы.
21 лютага бібліятэкар філіяла “Вердаміцкая бібліятэка” запрасіла вучняў 5-10 класаў на інтэлектуальнае спаборніцтва “Мова продкаў маіх і нашчадкаў”. Бібліятэкар падкрэсліла, што гэты дзень асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго народа; беларуская мова прайшла доўгі і складаны гістарычны шлях. Школьнікі адправіліся ў падарожжа ў “Краіну беларускіх слоў”, паказалі свае веды, начытанасць у шматлікіх конкурсах, гульнях. Цікавым для дзяцей быў конкурс “перакладчыкаў” з рускай мовы, калі яны падчас адкрывалі для сябе невядомыя назвы раслін, кветак, жывёл, прадметаў. Таксама рабяты ўспаміналі беларускія прыказкі і прымаўкі, адгадвалі загадкі, паўдзельнічалі ў гульні “Сказы-жартаўнікі”. Удзельнікі конкурсу “Лепшы гаварун” спрытна чыталі скорагаворкі, іншыя спрабавалі скласці лепшую і цікавейшую рэкламу беларускай кнігі. Усе прысутныя мерапрыемства пагадзіліся з высновай, што нашы дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная, як роўная сярод іншых моў свету, а наша задача – не даць загінуць ёй, жывой і непаўторнай, “з легендаў і казак” сатканай.
















