Да Міжнароднага дня роднай мовы 20 лютага ў бібліятэках ладзіліся інфармацыйна-гульнёвыя мерапрыемствы.

У філіяле “Корнадзьская бібліятэка-цэнтр эстэтычнага выхавання” прайшло інтэлектуальнае спаборніцтва “Мова продкаў маіх і нашчадкаў”. Бібліятэкар расказала дзецям аб тым, як беларуская мова праходзіла доўгі і складаны шлях развіцця, як узнікла беларускае кнігадрукаванне і які ўплыў на гэтыя працэсы аказалі выдатныя беларускія асветнікі. Прысутныя з задавальненнем праслухалі легенду “Адкуль пайшлі беларусы”.

А вось пазнаёміцца са скарбамі беларускай мовы дзеці  змаглі у гульнёвай частцы мерапрыемства. З задавальненнем яны спаборнічалі  ў конкурсах “Шарада”, “Крылатая паштоўка”, “Юныя паэты”, выконвалі розныя заданні: займаліся перакладніцкай справай на хуткасць і дасканаласць, адгадвалі загадкі, разгадвалі літаратурную крыжаванку, адгадвалі зашыфраваныя на малюнках фразеалагізмы і растлумачвалі, што яны абазначаюць, шукалі пачатак і канец прыказак, адказвалі на пытанні віктарыны “Старонкі мінулага і сучаснага”, вучыліся гаварыць скорагаворкі на роднай мове.

Філіял “Навадворская бібліятэка-цэнтр краязнаўства” арганізаваў інтэлектуальную гульню “З любоўю да роднай мовы”. Ва ўступным слове бібліятэкар засяродзіла ўвагу дзяцей на  прыгажосці і мілагучнасці беларускай мовы, пазнаёміла іх з гісторыяй свята.

Рабяты з захапленнем удзельнічалі ў гульні-конкурсе на веданне беларускай мовы, выконвалі цікавыя заданні: “Размінка”, “Складзі прыказку”, “Юныя перакладчыкі”, “Загадкі з вясёлай хаткі”, “Адгадай мелодыю”, “Адгадай верш”. Усе добра папрацавалі і справіліся з заданнямі на выдатна, паказалі сваю кемлівасць і веданне беларускай мовы. Школьнікі зацікавіліся тэматычнай выставай “Словам родным жыве Беларусь”, якая запрасіла ў падарожжа з цікавымі і прыгожымі  дзіцячымі кнігамі беларускіх аўтараў.