Да Міжнароднага дня роднай мовы ў Свіслацкай раённай бібліятэцы для вучняў 7 класа  гімназіі №1 імя П. Васіленка быў праведзены конкурс знаўцаў “З любоўю да роднай мовы”.

Бібліятэкар распачала мерапрыемства вершам славутага беларускага пісьменніка Максіма Танка “Родная мова”, затым удзельнікам сустрэчы  было прапанавана падзяліцца на дзве каманды “Аксаміткі” і “Васількі”, якія пачалі спаборніцтва паміж сабой.

Турнір прайшоў у некалькі этапаў з конкурсамі:  “Перакладчыкі”, “Шарады”, “Крылатая паштоўка”, “Беларускія загадкі”, “Скарагаворкі”, “Веру не веру”, у кожным з якіх даваліся няпростыя заданні, дзе вучні праявілі свае веды, кемлівасць і знаходлівасць,  даказалі, што ведаюць і любяць сваю родную мову.

У конкурсе “Родная мова – цудоўная мова” на кожным пялёстку рамонка вучні напісалі, якая, на іх думку, беларуская мова. За удзел у конкурсе знаўцаў дзеці былі ўзнагароджаны дыпломамі. Да ўвагі прысутных  была прапанавана  тэматычная выстава “Багата, родная ты мова…”, якая паказала падлеткам прыгажосць і мілагучнасць роднай  старажытнай мовы.