21 лютага ў Свіслацкай раённай бібліятэцы да Міжнароднага дня роднай мовы для вучняў 6-ых класаў гімназіі № 1 імя П. Васіленка прайшоў інтэлектуальна-пазнавальны турнір “Гучы, родная мова!”. На пачатку мерапрыемства бібліятэкар засяродзіла ўвагу на шматграннасці роднай мовы, прыгажосці беларускага слова, яскравасці вуснай народнай творчасці, пазнаёміла дзяцей з гісторыяй свята. У ходзе літаратурна-пазнавальнага турніра каманды “Эрудыты” і “Знаўцы” спаборнічалі ў конкурсах “Паэтычны”, “Перакладчыкі”, “Адзін лішні”, удзельнічалі ў гульні “Загадкі з вясёлай хаткі”. З вялікім задавальненнем вучні адгадалі загадкі-жарты, разгадалі шараду. Напружаным і цікавым атрымаўся конкурс капітанаў “Знайдзі і растлумач”. Рабяты зацікавіліся тэматычнай выставай “Багата, родная ты мова…”. Усе ўдзельнікі мерапрыемства пагадзіліся з высновай, што нам у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, мудрая і самабытная, якой трэба даражыць, якую трэба любіць і вывучаць.