19 мая Свіслацкая раённая бібліятэка запрасіла вучняў 9 класа гімназіі №1 імя П. Васіленка на літаратурную гасцёўню  “Вобраз жанчыны ў беларускай літаратуры”, прымеркаваную да Года беларускай жанчыны. У пачатку мерапрыемства бібліятэкар звярнула ўвагу на тое, што жаночы вобраз у беларускай літаратуры мае адносна невялікую гісторыю, так як стварэнне вобразаў жанчын звязваецца з літаратурай навейшага часу, з перыядам станаўлення беларускага рамана. Вобраз жанчыны вабіць і паэтаў, і празаікаў. На працягу сустрэчы разам разглядзелі вобразы жанчын у творах беларускіх пісьменнікаў: вялікую ролю надае жанчынам П.Панчанка ў сваім вершы “Белыя яблыні”,  П.Броўка ў невялікім па памеры і вядомым многім вершы “Пахне чабор…”, апавяданне “Маці” Я.Брыля, вобраз  Ганны ў творы I.Мележа “Палеская хроніка”, вобраз Сашы Траянавай у творы І.Шамякіна “Трывожнае шчасце”, але ж самы яркі жаночы вобраз – вобраз Бандароўны з аднайменнай паэмы Я.Купалы.

Школьнікі прыйшлі да высновы: пераважна гэта жанчыны складанага лёсу, аднак з усіх жыццёвых выпрабаваннў і нягод яны выходзяць па сутнасці пераможцамі, сцвердзіўшы сваю чалавечую годнасць, неверагодную вытрымку і цярплівасць. Гэта перамога выяўляецца і ў тым, што жанчыны самага рознага ўзросту і жыццёвага вопыту захавалі дабрыню, шчырасць, жывую цікавасць да акаляючага свету, людзей, а таксама моцнае імкненне да шчасця, якое выпраменьваюць і тым самым асвятляюць жыццё тых, хто побач. Такім чынам, вобраз жанчыны ў беларускай літаратуры ёмісты і разнастайны. Кожны аўтар стварае пэўны ідэал жанчыны. Але ж агульным застаецца тое, што на гэты вобраз ускладзена вялікая і святая місія на зямлі, бо і сусвет ачарсцвее “без ласкі вялікай жаночай”.