У 2022 годзе адзначаецца 140 год з дня нараджэння народных пісьменнікаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. З нагоды юбілейнай даты ў Свіслацкай раённай бібліятэцы арганізавана  выстава-экспазіцыя “Вялікія майстры беларускага слова”, галоўны лейтматыў якой – ушанаванне памяці пра класікаў нацыянальнай літаратуры.

 

На выставе прадстаўлена шматгранная спадчына славутых мастакоў слова: зборы твораў, выбраныя творы, асобныя выданні, электронныя дакументы, а таксама матэрыялы аб жыцці і творчасці.

Вялікую цікавасць прадстаўляюць кнігі “Якуб Колас. У думках, у сэрцах, у песнях: успаміны, нарысы, прысвячэнні” і “Янка Купала. “Мне сняцца сны аб Беларусі…”: успаміны, эсэ, артыкулы, дакументы” з серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі”.

У выданні “Купала і Колас, вы нас гадавалі” апублікаваны невядомыя дакументы, у тым ліку аўтографы класікаў, матэрыялы біяграфічнага характару, сведчанне пра грамадскае і літаратурнае акружэнне песняроў, увекавечванне іх памяці.

На выставе прадстаўлены выданні кніжнага праекту “Народная бібліятэка”, куды ўвайшлі вершы, паэмы “Новая зямля”,  “Сымон-музыка”, апавяданні Я.Коласа і вершы, паэмы, п’еса “Паўлінка” Я.Купалы. Народная таму, што змест складаюць творы, якія прапануюць уключыць самі чытачы.

Паэма “Новая зямля”, трылогія “На ростанях” Я.Коласа, паэмы “Бандароўна”, “Безназоўнае” Я.Купалы прадстаўлены аўдыякнігамі з серыі “Бібліятэка школьнікам”, “Славутыя пісьменнікі зямлі беларускай”.

Прыцягвае ўвагу ў чытачоў кніга “А хто там ідзе: на мовах свету”, дзе пад адной вокладкай сабраны пераклады на 101 мову свету верш Я.Купалы.

Выстава-экспазіцыя, аздобленая жытнёвымі каласамі, васількамі,  народна-побытавымі рэчамі, выглядае надзвычай самабытна.

Адрасавана шырокаму колу карыстальнікаў: настаўнікам, краязнаўцам, навучэнцам, студэнтам, школьнікам, якія могуць пашырыць свае веды пра жыццёвы і творчы шлях мастакоў слова, здзейсніць віртуальнае падарожжа па Купалавых і Коласавых мясцінах, наведаць Вязынку і Яхімоўшчыну, Акопы і Ляўкі, Акінчыцы і Ласток, Альбуць і Смольню, а таксама дакрануцца да творчай спадчыны, якая прадстаўлена кнігамі паэтаў.