Да 95-годдзя з дня нараджэння беларускага пісьменніка, паэта, публіцыста, драматурга Паўла Місько 11 сакавіка бібліятэкар філіяла “Вердаміцкая бібліятэка” запрасіла вучняў 2 класа ў літаратурнае падарожжа “Неверагодныя прыгоды з Паўлам Місько”. Бібліятэкар  падкрэсліла, што пісьменнік стаў вядомым у першую чаргу як аўтар дзіцячых твораў: казак і фантастычных апавяданняў. Дзяцей вельмі зацікавілі розныя здарэнні з хлопчыкамі і сабачкамі, іх сяброўства, як маленькія істоты адкрываюць для сябе такое вялікае і складанае жыццё ў аповесці “Прыгоды Бульбобаў”. Бібліятэкар нагадала кароткі змест аповесці для дзяцей і аб дзецях “Навасёлы”, аб незвычайных прыгодах Жэні Мурашкі, аб тым, як трэба вучыцца сябраваць і адказваць за свае ўчынкі. Дзеці зачыталі некаторыя ўрыўкі з твораў Паўла Місько, напрыклад Млёнік Ягор нагадаў пра жыццё-быццё дзеда Аўласкі, бабы Параскі, хлопчыка Ваняткі з аповесці-казкі “Прыйдзі, дзень-залацень”. Вясёлыя прыгоды і незвычайныя здарэнні ў творах пісьменніка Паўла Місько вельмі захапілі рабят, самыя цікаўныя ўзялі кнігі для хатняга чытання.