8 кастрычніка Свіслацкая раённая бібліятэка запрасіла вучняў 8 “А” класа гімназіі №1 імя П. Васіленка на інфармацыйнае паведамленне “Паэт і фалькларыст Францішак Карпінскі”, прысвечанае 285-годдзю з дня нараджэння знакамітага паэта, асветніка, жыццё і творчасць якога цесна звязана з беларускай культурай. Бібліёграф з дапамогай мультымедыйнай прэзентацыі “Францішак Карпінскі: жыццё і літаратурная спадчына” пазнаёміла прысутных з яго біяграфіяй, галоўнымі творамі, расказала пра ролю Францішка Карпінскага ў культурным жыцці Беларусі. Цікавасць выклікала інфармацыя, што ён у 1819 годзе набыў ва ўласнасць фальварак Хораўшчына Ваўкавыскага павета, цяпер гэта тэрыторыя Ханявіцкага сельскага савета Свіслацкага раёна, дзе пісаў мемуары і правёў апошнія гады жыцця. Быў частым госцем ва ўладальніка Свіслацкага графства Вінцента Тышкевіча, да самай смерці быў членам педагагічнага савета Свіслацкай гімназіі.












