Да 105-годдзя з дня нараджэння беларускага дзіцячага пісьменніка Івана Муравейкіў бібліятэках ладзіліся літаратурныя сустрэчы.

23 кастрычніка ў філіяле “Пацуеўская інтэграваная бібліятэка” дзеці здзейснілі літаратурна-займальнае падарожжа “Іван Муравейка і яго “Дружная сямейка”. Ва ўступным слове бібліятэкар пазнаёміла юных чытачоў з біяграфіяй пісьменніка, адзначыла, што творы Муравейкі прывабліваюць багатай фантазіяй, тонкай назіральнасцю і светлым гумарам. Пад час літаратурнай вандроўкі дзеці пазнаёміліся з вершамі ваеннай тэматыкі, прынялі актыўны ўдзел у конкурсе “Пачытайка”, дзе пачыталі вершы “НЕ зразумеў”, “Звышпаслухмяны”, “Жменя цукерак” па ролях, з вялікім інтарэсам разгадвалі загадкі. Для замацавання ўсіх твораў быў праведзены конкурс малюнкаў па творах пісьменніка. Напрыканцы дзеці з вялікай ахвотай узялі кнігі І.Муравейкі для чытання дамоў.

23 кастрычніка  ў філіяле “Навадворская інтэграваная  бібліятэка”  адбылося гульнёвае асарці “ Іван Муравейка і яго кнігі”. Дзеці пазнаёміліся з цікавымі фактамі з жыцця Івана Муравейкі і адправіліся ў займальнае падарожжа па творчасці беларускага пісьменніка. Рабяты з задавальненнем прынялі ўдзел у конкурсах “Адгадай-ка”, “Прачытай-ка”, “Бюро знаходак” і інш. Удзельнікі весела і займальна правялі час.

24 кастрычніка бібліятэкар філіяла “Вердаміцкая інтэграваная бібліятэка” арганізавала для дзяцей літаратурны ранішнік “Іван Муравейка і яго “Дружная сямейка”. Вучні пазнаёміліся з фактамі біяграфіі знакамітага паэта з Любаншчыны, чалавека, які вельмі любіў дзяцей, прыроду і сваю Радзіму. Затым дзеці чыталі вясёлыя вершы юбіляра: “Вясёлы шчупак”, “Вецер вуліцу падмятаў”, “Тры лыжкі”, “Чаму Валя язык прыкусіла?”. Бібліятэкар прапанавала таксама знаёмства з цікавымі і павучальнымі апавяданнямі: “Шыварат-навыварат”, “Вось гэта дружба”. Прысутныя  весела і ўпэўнена адгадвалі арыгінальныя загадкі І.Муравейкі з кнігі “Вадзіца з крыніцы”. Напрыканцы сустрэчы зацікаўленыя выбралі кнігі для хатняга чытання.