5 сакавіка Свіслацкая раённая бібліятэка запрасіла вучняў 4 класа СШ № 2 імя М.П.Масонава на літаратурнае падарожжа “Таямнічая планета Уладзіміра Мазго”, прысвечаннае 65-годдзю беларускага пісьменніка-краязнаўца, перакладчыка, аўтара кніг для дзяцей і дарослых.
Падчас падарожжа на прыпынку “Біяграфічны” дзеці даведаліся аб жыцці і творчасці пісьменніка, на прыпынку “Літаратурны” пазнаёміліся з найбольш вядомымі кнігамі Уладзіміра Мазго: “Адкрывай свой родны край”, “Прыгоды марахода”, “Хутка стану чэмпіёнам”, “Вавёркі лушчаць зоркі”, “Завітала ў госці казка” і чыталі яго вершы.
Найбольшую асалоду хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі на прыпынку “Гульнёвы”, дзе з задавальненнем адгадвалі загадкі, шарады, прынялі ўдзел у конкурсах “У пошуках слоў” і “Ехалі з горкі скорагаворкі”. Падарожжа суправаджалася вясёлымі песнямі на вершы паэта-юбіляра.
Напрыканцы мерапрыемства школьнікі пазнаёміліся з кніжнай выставай “Таямнічая планета Уладзіміра Мазго”.