Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у бібліятэках раёна прайшлі інфармацыйна-пазнавальныя мерапрыемствы.

1 ліпеня ў Велікасельскай бібліятэцы для дзяцей і моладзі было арганізавана відэападарожжа ў гісторыю “Краіна мая незалежная”. У пачатку мерапрыемства бібліятэкар падкрэсліла, што Дзень Незалежнасці – галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці, усталяванае ў азнаменаванне падзеі, якая мае асаблівае гістарычнае і грамадзянска-палітычнае значэнне для нашай краіны – вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Увазе прысутных быў прадстаўлены відэаролік, які распавяў аб этапах станаўлення Рэспублікі Беларусь як незалежнай і самастойнай дзяржавы. Бібліятэкар пазнаёміла ўдзельнікаў з тэматычнай выставай “Адзіная і непаўторная Беларусь”, прысвечанай Году народнага адзінства. У заключэнне прысутныя выказалі свае эмоцыі чытаннем  вершаў пра родную Беларусь.

У Нязбодзіцкай бібліятэцы-цэнтры краязнаўства 1 ліпеня моладзь прыняла удзел у завочным знаёмстве “Праз кнігу ўбачыць краіну Беларусь”. Бібліятэкар нагадала пра свята Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, якое мае асаблівы сэнс для кожнага беларуса – 3 ліпеня 1944 года дзень вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, свята, якое застанецца сведчаннем мужнасці, днём гонару і памяці нашага народа. Прагляд мастацкіх твораў, маляўнічых альбомаў, ілюстраваных навукова-папулярных выданняў даў магчымасць маладым людзям адчуць гонар за сваю радзіму і самім выказаць любоў да Айчыны, чытаючы вершы беларускіх паэтаў Аляксея Пысіна, Пятруся Броўкі, Генадзя Бураўкіна пра Беларусь.

1 ліпеня ў Ханчыцкай бібліятэцы-клубе быў праведзены агляд кніжнай выставы “Беларусь мая, родны край”, падчас якога чытачы азнаёміліся з выданнямі, распавядаючымі пра гістарычнае мінулае краіны, асноўныя этапы развіцця суверэннай Рэспублікі Беларусь, пра сучасныя палітычныя, сацыяльна-эканамічныя і культурныя аспекты жыцця краіны.

smart

2 ліпеня бібліятэкар Корнадзьскай бібліятэкі-цэнтра эстэтычнага выхавання запрасіла ўдзельнікаў аздараўленчага лагера “Парус” на гадзіну пазнання Бацькаўшчыны “Беларусь – мая зямліца, мой выток, мая крыніца”.

Гаворка ішла пра гісторыю, традыцыі і звычаі, пра хараство беларускай прыроды, разнастайнасць рамёстваў, багацце роднай мовы, славутых людзей Бацькаўшчыны. Беларусь, як рознакаляровая вясёлка, вабіць сваёй прыгажосцю, чысцінёй, утульнасцю. З дапамогай колераў (сіні, зялёны, жоўты, белы, чырвоны) стваралі вобраз нашай Радзімы, разгадвалі загадкі, адгадвалі рэбусы, адказвалі на пытанні віктарыны “Знаўцы роднага краю”, прымалі ўдзел у  гульнях “Выпраўце сказы” і “Знайдзі памылкі ў словах”, чыталі вершы пра радзіму.

2 ліпеня Пацуеўская бібліятэка арганізавала для сваіх чытачоў дзень інфармацыі “Беларусь незалежная, унікальная, самабытная”. Бібліятэкар на працягу дня  знаёміла наведвальнікаў з кніжнай выставай “Мая краіна – Беларусь”, на якой прадстаўлена літаратура па раздзелах: “Адзінства ў імя Беларусі”, “Сімвалы незалежнасці”, “Мы – беларусы”, “І гонар, і слава краіны”. Чытачы цікавіліся выданнямі пра нашу цудоўную краіну і яе багатую гісторыю, пра знакамітыя мясціны, пра людзей, якія праславілі Беларусь.

SAMSUNG DIGITAL CAMERA

“Зямля мая, нябёсаў родных сінь” – пад такой назвай для дзяцей адбылося тэматычнае свята. Бібліятэкар расказала пра дасягненні нашай краіны, пра знакамітых  людзей,  якімі  вырабамі славіцца Беларусь не толькі у нас, але і за яе межамі. Асаблівы інтарэс у дзяцей  выклікаў аповед пра  Нацыянальную бібліятэку, якая з’яўляецца гонарам і славутасцю краіны. Юныя чытачы разважалі, што мы разумеем пад словам “бацькаўшчына”, успаміналі прыказкі і прымаўкі пра Радзіму, адгадвалі загадкі беларускіх пісьменнікаў. Шмат цёплых слоў роднай зямлі прысвяцілі паэты ў сваіх творах. У ходзе вершаванага круіза “Беларусі ў любові пакланюся” вучні  чыталі вершы пра Беларусь П.Броўкі, Э.Агняцвет, Л.Геніюш, С.Грахоўскага, Я.Коласа, Я.Купалы, П.Панчанкі і інш. Напрыканцы бібліятэкар запрасіла прысутных адправіцца ў віртуальнае падарожжа “Мая Беларусь”.

SAMSUNG DIGITAL CAMERA

2 ліпеня ў Навадворскай бібліятэцы-цэнтры краязнаўства ў ходзе агляду тэматычнай выставы “Незалежная і квітнеючая Беларусь” дзеці старэйшага школьнага  ўзросту пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення галоўнага свята дзяржавы, прыгадалі сімволіку Рэспублікі Беларусь, даведаліся аб знакамітых людзях, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё краіны.