З нагоды 125-годдзя з дня нараджэння Кандрата Крапівы 3 сакавіка Свіслацкая раённая бібліятэка арганізавала літаратурны партрэт “Доўгае жыццё і багатая спадчына Кандрата Крапівы”.
Да ўвагі вучняў 9 класа СШ №2 была прадстаўлена электронная прэзентацыя “Шматграннасць асобы Кандрата Крапівы”. Рабяты пазнаёміліся з біяграфічнымі звесткамі Кандрата Атраховіча, з творчасцю беларускага пісьменніка, слыннага байкапісца, паэта, сатырыка, зброяй якога заўсёды было “пякучае” і “вострае” слова, ці, як ён казаў, крапіва.
Асаблівую ўвагу прысутных звярнулі на драматургічны талент Кандрата Крапівы, успомнілі сатырычныя камедыі “Хто смяецца апошнім”, “Мілы чалавек”, п’есу “Брама неўміручасці”. З цікавасцю вучні гарталі кнігі аўтара, разглядалі фотаздымкі з літаратуразнаўчых крыніц.