13 верасня Свіслацкая раённая бібліятэка запрасіла вучняў СШ №2 імя М.П.Масонава на відэазнаёмства “Ён сэрцам пісаў свой кожны радок”, прысвечанае 110годдзю з дня нараджэння Максіма Танка.

Бібліятэкар пры дапамозе відеароліка “Знакамітыя беларусы” распавяла пра жыццё і творчасць Народнага паэта Беларусі, паведаміла аб тым, што паэзія Танка заўсёды была і застаецца невычэрпнай крыніцай духоўнасці і мастацтва, уражвае разнастайнасцю тэм, вобразаў, форм,творчым засваеннем нацыянальнай паэтычнай традыцыі і наватарствам. Цікава было прысутным даведацца , што галоўная тэма, якая праходзіць праз усю творчасць М.Танка,  – Радзіма, у самых розных яе праявах: гісторыя і яе адлюстраванне ў легендах і паданнях, праца, песні, мары народа, маляўнічая прырода, мілагучная родная мова. У ходзе знаёмства з класікам сучаснай беларускай літаратуры, вучні адзначылі, што Танк у сваіх творах спрабуе адказаць на вечныя пытанні чалавечага жыцця: што такое жыццё і смерць, любоў і нянавісць, ісціна, вера, сумленне, дабро, шчасце. Рабяты замацавалі атрыманыя веды ў інтэлектуальнай гульні “Жыццё і творчасць Максіма Танка”.

Усе разам чыталі вершы “Спатканне”, “Песня кулікоў”, “Чорныя скібы”, “Да дня”, “Тры песні”, “Паслухайце, вясна ідзе…”, “Раманс”, “На пероне” і інш. Да ўвагі вучняў былі прадстаўлены выданні М.Танка з фонду бібліятэкі. Напрыканцы рабяты абагульнілі свае веды  пра народнага паэта Беларусі, грамадскага дзеяча, пісьменніка, акадэміка НАН Беларусі, падзяліліся сваімі думкамі наконт свайго любімага твора Максіма Танка.