5 лютага ў філіяле “Велікасельская бібліятэка” для чытачоў-пенсіянераў быў арганізаваны літаратурны гід па творчасці І.Мележа і І.Шамякіна “Пісьменнікі дзвюх эпох”. Ва ўступным слове бібліятэкар падкрэсліла, што лёсы І.Мележа і І.Шамякіна дзіўным чынам перапляліся: нарадзіліся ў 1921-м годзе, абодва – Іваны, прайшлі праз жахі Вялікай Айчыннай вайны,  з’яўляюцца класікамі беларускай літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя. Увазе прысутных была прадстаўлена прэзентацыя “Цікавыя факты пра І.Мележа і І.Шамякіна”, якая расказала пра некаторыя факты біяграфіі класікаў, падобнасці іх поглядаў на жыццё, адносіны да ключавых падзей 20-га стагоддзя, сведкамі якіх ім давялося стаць. Бібліятэкар зрабіла агляд творчасці пісьменнікаў, засяродзіла ўвагу на дзвюх беларускіх эпапеях, вядомых прысутным яшчэ са школьных гадоў: “Палеская хроніка” І.Мележа і пенталогія “Трывожнае шчасце” І.Шамякіна. Удзельнікі сустрэчы з зацікаўленасцю слухалі аповед пра ўнікальны літаратурны стыль і погляды на жыццё беларускіх класікаў, а таксама разам з бібліятэкарамі ўспомнілі ўрыўкі з іх твораў. У канцы мерапрыемства бібліятэкар пазнаёміла прысутных з выставай “Зоркі беларускай літаратуры”, на якой прадстаўлены поўныя зборы твораў пісьменнікаў, асобныя выданні мастацкіх твораў і іх пераклады на рускую мову, кнігі і артыкулы вядомых беларускіх літаратараў пра жыццё і творчасць пісьменнікаў, аўдыякніга “Іван Шамякін “Трывожнае шчасце”.

6 лютага ў Свіслацкай раённай бібліятэцы з удзелам вучняў старэйшых класаў гімназіі №1 імя П.Васіленка прайшло відэазнаёмства “З кнігі – на экран”. Бібліятэкар падрыхтавала цікавы аповед пра жыццёвы шлях славутых пісьменнікаў, расказала пра іх не толькі як пра літаратараў, але і як грамадскіх дзеячаў. Падкрэсліла для маладога пакалення, што празаікі, нягледзячы на сваю вядомасць, заставаліся добрымі, сціплымі людзьмі.

Сустрэча працягнулася знаёмствам з творчай спадчынай  Шамякіна і Мележа, іх кнігамі, тэмамі, якія ўздымаліся ў іх творах. У час мерапрыемства ўдзельнікі абмеркавалі сюжэты такіх твораў, як “Сэрца на далоні”, “Вазьму твой боль”, “Людзі на балоце”, пагутарылі аб экранізацыях некаторых твораў пісьменнікаў. Затым удзельнікі расказалі пра свае любімыя раманы, адзначылі тое, што не толькі кнігі, але і мастацкія фільмы, знятыя па іх творах, любяць глядзець з задавальненнем. Усе прысутныя прыйшлі да высновы, што творчасць Івана Шамякіна і Івана Мележа не страціла сваёй актуальнасці і цяпер. Бібліятэкар прапанавала кнігі пісьменнікаў, прадстаўленыя на кніжнай выставе “Ёсць імёны, ёсць даты”.

6 лютага ў філіяле “Корнадская бібліятэка-цэнтр эстэтычнага выхавання” для пажылых людзей прайшоў вечар-прысвячэнне “Роднае слова ад Івана Шамякіна і Івана Мележа”. Прысутныя пазнаёміліся з жыццём і тэматыкай іх творчасці. Праглядзелі літаратурны відэагід “Іван Шамякін – героі і кнігі”, відэаролік “Выдатны майстар слова і аўтар сапраўдных шэдэўраў беларускай літаратуры  Іван Мележ”, буктрэйлеры па кнізе Івана Шамякіна “Гандлярка і паэт” і  І.Мележа “Подых навальніцы”.  Творчая спадчына пісьменнікаў стала невычэрпнай крыніцай натхнення для беларускага кінематографа. Шматлікія творы класікаў леглі ў аснову фільмаў, якія склалі залаты фонд нацыянальнага кінамастацтва. Прысутныя праглядзелі ўрыўкі з мастацкіх фільмаў “Людзі на балоце” і “Крыніцы”.

6 лютага філіял “Навадворская бібліятэка-цэнтр краязнаўства” арганізаваў для  людзей пажылога ўзросту вечар-прысвячэнне “Роднае слова ад Івана Шамякіна і Івана Мележа”. У ходзе дэманстрацыі электроннай прэзентацыі ўдзельнікі пазнаёміліся з асноўнымі момантамі жыццядзейнасці пісьменнікаў.Ббліятэкар звярнула ўвагу чытачоў на падабенства жыццёвага і творчага шляху Шамякіна і  Мележа: абодва нарадзіліся на Палессі, жылі ў адным доме,  кватэры іх былі  на адной пляцоўцы,  нават дачы мелі па суседству, абодва франтавікі, абодва народныя пісьменнікі Беларусі (1972), абодва летапісцы народнага жыцця і класікі яшчэ пры жыцці. Прысутныя з задавальненнем праглядзелі відэаролікі “Відэазнаёмства з творчасцю Івана Шамякіна”, “Выдатны майстар слова і аўтар сапраўдных шэдэўраў беларускай літаратуры  Іван Мележ”, буктрэйлеры на  раманы І.Мележа “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы”, І. Шамякіна “Гандлярка і паэт”, актыўна прынялі ўдзел у конкурсах: “Прадоўжы назву твора”, “Чацвёртае лішняе”. У гонар юбіляра прагучаў верш В. Шніпа “Балада Івана Шамякіна”. Напрыканцы ўдзельнікі пазнаёмілііся з творамі пісьменнікаў,  артыкуламі і кнігамі, якiя адлюстроўваюць жыццё і творчасць знакамітых літаратараў.