Чытач Свіслацкай раённай бібліятэкі Гуляй Арсеній, як і многія яго аднагодкі, захапляецца спартыўнымі гульнямі, любіць чытаць аб вядомых спартсменах і пра розныя віды спорту. Найбольш захапіла яго кніга Алеся Камароўскага “Пенальці”, якая складаецца з некалькіх аповесцей і апавяданняў. Асаблівае ўражанне аказалі аповесці “Заварожаны мяч” і “Пенальці” пра самую папулярную спартыўную гульню – футбол. У цэнтры ўвагі пісьменніка – лёс футбольнай каманды і яе ігракоў. Аўтар закранае самыя розныя грані чалавечага характару – сумленнасць, адданасць любімай справе, вернасць калектыву. Гэтыя аповесці Алеся Камароўскага – першыя ластаўкі ў беларускай літаратуры на футбольную тэму. Аўтар дасягнуў галоўнага: яскрава паказаў, што футбол – гэта штодзённая цяжкая праца і пошук на шляху павышэння спартыўнага майстэрства. Толькі ў цяжкай працы вырастае сапраўдны футбаліст, вялікі спарстмен і, вядома, чалавек.

 

Чытач Свіслацкай раённай бібліятэкі Мінько Аксана Аляксандраўна любіць чытаць творы сучасных беларускіх аўтараў. Яе вельмі зацікавіла трылогія Уладзіміра Гаўрыловіча “Сэрца сваё не падманеш…”, куды ўвайшлі раманы “Забранае шчасце”, “Сэрца сваё не падманеш…”, “Палешукі”. Кніга ахоплівае падзеі з пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя, закранае перыяд Вялікай Айчыннай вайны і сённяшнія дні. Героі твора кахаюць і здраджваюць, церпяць ад калектывізацыі, праходзяць праз раскулачванне і высяленне, праз цяжкія выпрабаванні вайны, працуюць на зямлі… Праз непаўторныя, у многім трагічныя лёсы палешукоў, якія насуперак усяму імкнуцца да шчасця, у творы ствараецца шырокая панарама народнага быцця. Дзякуючы творам беларускай літаратуры мы пазнаём край, жыццё народа у гэтым краі, пазнаем сябе і адкрываем свет.

 

Чытачоў Свіслацкай раённай бібліятэкі Жук Паліну і Рудкоўскую Ганну узрушыла аповесць Івана Пташнікава “Тартак”, якая раскрывае трагічны лёс беларускай вёскі Дальва, разам з людзьмі спаленай фашыстамі за сувязь яе жыхароў з партызанамі. Тартак – гэта сімвал вайны, знішчэння людзей, звярынай жорсткасці фашызму. Вайна паказана як жудасная і страшная з’ява. Жыхары мірных паселішчаў аказаліся безабароннымі перад крывавым разбоем захопнікаў. У творы на прыкладзе рэальнай вёскі Дальва адлюстроўваецца трагічны лёс многіх спаленых куточкаў Беларусі падчас вайны. Аповесць “Тартак” – адна з першых спроб у беларускай прозе асэнсаваць трагедыю беларускіх Хатыняў. Іван Пташнікаў не баіцца паказаць страшныя падзеі даволі натуралістычна. Пісьменнік падрабязна прасочвае жыццёвыя лёсы кожнага з герояў – Мірона Махоркі, Уладзіміра Панка, дзеда Янука, Івана Боганчыка, Насты, Тані, Алёшы. Вайна – гэта бязлітасны тартак, які рэжа людзей па жывому: гінуць дзеці, старыя, вінаватыя і нявінныя. Перажываннем трагедыі прасякнута атмасфера твора, усе элементы якога падпарадкаваны адной мэце: праз лёс асобы паказаць лёс народа. Дзяўчынкі рэкамендуюць ўсім прачытаць дадзеную аповесць, паразважаць і зрабіць усё магчымае каб падобнае ніколі не паўтарылася.

 

Чытачу Поразаўскай бібліятэкі-цэнтра краязнаўства Быкоўскаму Паўлу вельмі спадабалася кніга Васіля Шырко “Прынёманскія плытагоны”. Вострасюжэтны раман распавядае пра нялёгкія выпрабаванні жыхароў вёскі Мілава напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны і падчас барацьбы з нямецка-фашысцкімі акупантамі. Асноўныя персанажы – тры пакаленні сям’і Лешукоў: дзед Алесь, які ў Грамадзянскую вайну пазбавіўся зроку, яго сын Андрэй з жонкай Нінай і ўнукі Паўлюк і Лёшка. Дзед Алесь, нягледзячы на слепату, быў адзін з рэдкіх у акрузе умельцаў па вырабе прыстасаванняў для звязвання бярвенняў у плыты, так званых швараў. Ён расказваў унукам казкі, легенды, даваў слушныя парады па гаспадарцы сыну Андрэю і нявестцы Ніне. Андрэй – прараб будаўнікоў, яшчэ і выдатнейшы плытагон. Яго жонка, Ніна Пятроўна, узначальвала паляводчую брыгаду ў калгасе.Здзіўляе сваім талентам і фантастычнай памяццю малодшы сын Андрэя Лёшка. Вучань мясцовай школы прачытаўшы два разы запамінаў і расказваў без запінкі цэлыя паэмы, апавяданні. І не толькі на беларускай і рускай мовах, але і на ўкраінскай. Нельга без заварожвання чытаць старонкі аб рамантычным каханні пастушка-падлетка Паўлюка і дзяўчыны-гімнасткі Святланы, якая прыехала ў вёску да бабулі з Мінска. Гэта пачуццё яны пранясуць праз многія гады і захаваюць, нягледзячы на шматлікія выпрабаванні. Раман чытаецца на адным дыханні – ад першай старонкі да апошняй.

 

Чытач Велікасельскай бібліятэкі Пацкевіч Анастасія захапляецца сучаснай беларускай паэзіяй. Яна лічыць, што паэзія – гэта маладосць. Кніга паэзіі маладых літаратараў Беларусі “Мы – маладыя” – самая любімая. Яе склалі лепшыя вершы 167 маладых таленавітых літаратараў, якія пішуць на беларускай і рускай мовах. Сярод іх ёсць як ужо вопытныя аўтары, чые імёны ведае чытач, так і ў большасці сваёй тыя, хто друкуецца ўпершыню. Выданне разлічана на ўсіх, хто любіць паэзію і цікавіцца яе сучасным станам.

 

Чытач Вердаміцкай бібліятэкі Будзевіч Надзея – чалавек, улюбёны ў свой родны край, сваю родную мову, яшчэ са школьных часоў захапляецца творчасцю многіх беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Асабліва ўразілі дзяўчыну творы Уладзіміра Караткевіча. Надзея прапануе ўсім аматарам гістарычнага і прыгодніцкага жанру, усім , хто цікавіцца мінулым роднай краіны, яе славутымі і трагічнымі падзеямі, яе героямі, прачытаць адзін з найлепшых раманаў сусветнавядомага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”.

 

 

Чытач Вердаміцкай бібліятэкі Валанцей Віталь , як і многія яго аднагодкі, захапляецца прыгодамі, фантастыкай, любіць чытаць аб вядомых гістарычных асобах, вялікіх палкаводцах, а яшчэ яму вельмі блізкая тэма Вялікай Айчыннай вайны. Тэмай аповесці Васіля Быкава “Альпійская балада”, якую прапануе прачытаць сваім сябрам Віталь, з’яўляецца цяжкая, пакутлівая і найчасцей трагічная доля тых, што воляю абставін апынуліся ў гітлераўскім палоне, але і там не здаліся, працягвалі барацьбу, цаной уласнага жыцця здабываючы свабоду. У нечаканым і незвычайным каханні, што, насуперак усім жахам вайны, ледзь не на краю магілы ўспыхнула ў душах галоўных герояў беларуса Івана Цярэшкі і італьянкі Джуліі , аўтар убачыў неадольную прагу жыцця і шчасця, без якой чалавек мала што мог бы зрабіць на свеце. Васіль Быкаў, безумоўна, выступае як палымяны гуманіст, калі паказвае, наколькі дзіка і недарэчна выглядаюць жорсткасць фашызму, яго нечуваныя зверствы ў супастаўленні з высокай чалавечнасцю простых, звычайных людзей.

 

Чытачу Навадворскай бібліятэкі-цэнтра краязнаўства Карпуку Аляксандру спадабалася кніга Івана Шамякіна “Глыбокая плынь”. Дзеянне рамана адбываецца ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Галоўная гераіня рамана Таццяна Маеўская ў першыя дні вайны выратоўвае яўрэйскага хлопчыка і выдае яго за свайго сына. Што чакае іх у дальнейшым, якія пакуты прыйшлося перажыць беларускаму народу з пaчaткy вaйны дa вызвaлeння Бeлapyci? Чытайце твор і суперажывайце героям рамана.

 

Чытача Нязбодзіцкай бібліятэкі-цэнтра краязнаўства Грыгалец Карыну усхвалявалі аповесці і апавяданні Канстанціна Нілава “Вянок з параненых рамонкаў”. На яе думку мінулая вайна – гэта не толькі подзвіг салдат і партызан, але і тых падлеткаў і юнакоў дапрызыўнага ўзросту, якім па волі лёсу ваеннае ліхалецце амаль на чатыры гады стала школай мужнасці і хуткага сталення. Аповесці і апавяданні маюць шмат дакументальных высноў тых суровых гадзін, з дапамогай якіх чытач адчуе сэрцам подых ваеннага часу, пабудзе з тымі, хто прынёс хоць невялікую, але важкую часцінку ў Вялікую Перамогу.

 

Чытач Пацуеўскай бібліятэкі Валансевіч Яна зацікавілася кнігай беларукага пісьменніка В.Гапеева “Урокі першага кахання”. Кнігу склалі аповесці “Усё цудоўна, або Урок бяспечнага кахання”, “Лёшкава каханне, або віртуальнае дрэва рэальнасці” і “Першы боль, або Доказ закона прыгажосці”. У цэнтры кнігі – сучасныя падлеткі, характары якіх раскрываюцца праз сацыяльныя, маральныя праблемы і пытанні росту.

 

Чытач Пацуеўскай бібліятэкі Дубанос Сяргей любіць чытаць творы беларускіх пісьменнікаў. Кніга, якая зацікавіла яго, – гэта раман Івана Шамякіна “Злая зорка”, першы празаічны твор беларускай літаратуры, у якім адлюстравана трагедыя чарнобыльскай катастрофы. У цэнтры – вобраз старшыні райвыканкама Уладзіміра Пільчанкі, на плечы якога кладзецца цяжар ліквідацыі вынікаў аварыі і лёс ягонай сям’і. Кніга будзе цікавай тым чытачам, якія захочуць больш даведацца пра жыццё людзей пасля чарнобыльскай аварыі.

Чытач Ханявіцкай бібліятэкі – цэнра краязнаўства Сяргей Прасняк прапануе да чытання кнігу, якая яго зацікавіла, – гэта раман Алеся Савіцкага “Обаль”. Дзеянне рамана адбываецца на поўначы Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У Обалі, невялікай чыгуначнай станцыі, дзейнічала падпольная камсамольска-маладзёжная арганізацыя “Юныя мсціўцы”. Галоўныя героі твора – рэальныя асобы, арганізатары і актыўныя ўдзельнікі падполля: Фруза Зянькова, Зіна Партнова, Наталля Герман, Хведар Слышанкоў, Валянціна Шашкова, Ніна Азоліна, Надзя Дзяменцьева, браты Езавітавы, Мікола Аляксееў, Зоя Сафончык, Дзмітрый і Марыля Хрыбценкі, Аркадзь Барбашоў, Марыля Ушакова. Аўтар расказвае пра самаахвярную барацьбу юнакоў і дзяўчат супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, праўдзіва паказвае абставіны, цяжкасці таго часу.

 

Чытач Ханявіцкай бібліятэкі – цэнра краязнаўства Аляксей Юсько прапануе да чытання кнігу, якая зацікавіла яго, – гэта трылогія Якуба Коласа “На ростанях”. Трылогія складаецца з аповесцей “У палескай глушы”, “У глыбі Палесся”, “На ростанях”. Дзеянне рамана адбываецца на Беларусі ў перыяд першай рускай рэвалюцыі. Галоўны герой – вясковы настаўнік Андрэй Лабановіч прайшоў складаны шлях, часамi памыляўся, але нiколi не iшоў на кампрамiс са сваiм сумленнем. Ён быў мужным i непахiсным у час суровых выпрабаванняў, з якiх ён выйшаў з адзiнай думкай: “Чалавек павiнен жыць для дабра, ён павiнен быць карысным людзям”. Кніга будзе цікавай тым чытачам, якія захочуць больш даведацца пра жыццё беларускага народа, аўтар асноўную ўвагу ўдзяляе праблеме гістарычнага лёсу інтэлігенцыі.