З нагоды Дня беларускага пісьменства –  свята адзінства друкаванага слова, літаратуры і гісторыі народа – ў бібліятэках раёна прайшлі інфармацыйна-пазнавальныя мерапрыемствы.

1 верасня Вердаміцкая бібліятэка запрасіла вучняў 9 класа на падарожжа ў мінуўшчыну “Гісторыя беларускага кнігадрукавання”. З аповяду бібліятэкара і з дапамогай кніжнай выставы “З гісторыі беларускага слова і кнігі” вучні даведаліся аб першадрукару Ф.Скарыне, нагадалі імёны прадаўжальнікаў яго асветніцкіх традыцый. Напрыканцы сустрэчы вучні прынялі ўдзел ў займальных і пазнавальных конкурсах “Пісьмовыя крыніцы”, ”Моўная скарбонка”, “Пагуляем у перакладчыкаў”, “Беларускія загадкі”, дэкламавалі вершы, прысвечаныя беларускім асветнікам.

 

2 верасня ў Пацуеўскай бібліятэцы прайшоў дзень інфармацыі “Ад літары да кнігі”. Гадзіна цікавых фактаў “Кніга – духоўная скарбніца беларусаў” арганізавана для вучняў 5-9 класаў. Прысутныя з цікавасцю слухалі аповед  пра гісторыю стварэння кнігі, старыжытныя рукапісныя і першыя друкаваныя кнігі на беларускай мове. Запрошаная на мерапрыемства настаўнік беларускай мовы і літаратуры  Т.У.Славецкая паведаміла гісторыі свята беларускага пісьменства і цікавыя факты пра беларускае кнігадрукаванне.Малодшыя школьнікі прынялі ўдзел у віктарыне “Свет ведаў адкрывае кніга”. На працягу дня дзейнічала кніжная выстава “Асветнікі Беларусі”, якая знаёміла чытачоў з літаратурай пра беларускіх асветнікаў.

2 верасня юныя чытачы Велікасельскай бібліятэкі адправіліся ў падарожжа на гістарычным дыліжансе “Гісторыя роднага слоа. Ад Францыска Скарыны да нашых дзён”, прысвечанае Дню беларускага пісьменства. У ходзе мерапрыемства ўдзельнікі даведаліся аб узнікненні і развіцці пісьменнасці і кнігадрукавання на тэрыторыі Беларусі, зрабілі прыпынак ў скрыпторыі – майстэрні перапісчыка кніг, пабывалі ў музеі беларускага кнігадрукавання, успомнілі асветнікаў Беларусі – Сімяона Полацкага, Сымона Буднага, Еўфрасінню Полацкую, Васіля Цяпінскага, прагледзелі электронную прэзентацыю, прысвечаную жыццю і творчасці выдатнага прадстаўніка нашай краіны першадрукара Францыска Скарыны. Прысутным быў прапанаваны агляд выданняў кніжнай выставы, якія  даюць магчымасць падрабязней даведацца пра асветнікаў і славутых лю­дзей Беларусі.

2 верасня ў Навадворскай бібліятэцы-цэнтры краязнаўства прайшло падарожжа ў мінулае “Ад літары да кнігі”. Удзельнікам была прапанавана мультымедыйная прэзентацыя “Кнігадрукары і асветнікі зямлі беларускай”, падчас прагляду якой  рабяты пазнаёміліся з гісторыяй стварэння кнігі, прайшлі шляхамі беларускага друкаванага слова, даведаліся шмат цікавага пра старыжытныя рукапісныя  і першыя друкаваныя кнігі на беларускай мове. Чытачоў зацікавіла літаратура тэматычнай выставы “Асветнікі зямлі беларускай”, на якой дакрануліся да жыцця і дзейнасці асветнікаў, якімі па праву ганарыцца беларускі народ: Ф.Скарыны, Е.Полацкай, К.Тураўскага, М.Гусоўскага і інш.

У Ханчыцкай бібліятэцы-клубе 3 верасня прайшла гадзіна цікавых ведаў “Ад літары да кнігі”. Бібліятэкар пазнаёміла ўдзельнікаў мерапрыемства  з жыццём і творчасцю першадрукара Ф.Скарыны, беларускіх асветнікаў Е.Полацкай, С.Буднага, С.Полацкага, а таксама расказала аб ўзнікненні і развіцці пісьменства і кнігадрукарства на тэрыторыі Беларусі.

3 верасня ў Ханявіцкай бібліятэцы-цэнтры краязнаўства адбыўся дзень інфармацыі “Ад літары да кнігі”. Да ўвагі чытачоў была прадстаўлена выстава-знаёмства “Шлях беларускага друкаванага слова”. Дзеці здзейснілі падарожжа ў мінуўшчыну “Адкуль пісьменства прыйшло”, пад час якога даведаліся пра гісторыю ўзнікнення свята беларускага пісьменства, атрымалі цікавую інфармацыю пра знакамітых асветнікаў К.Тураўскага, Е.Полацкую, першадрукара Ф.Скарыну. Прысутныя сталі актыўнымі ўдзельнікамі віктарыны “Пісьменства на беларускай зямлі”.