21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. З гэтай нагоды ў бібліятэках прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя беларускай мове.
20 лютага Ханявіцкая бібліятэка-цэнтр краязнаўства запрасіла вучняў мясцовай школы на ўрок беларускамоўя “Скарбы матчынай мовы багатай і слаўнай”. Пачалася сустрэча з размовы пра гісторыю ўзнікнення Дня роднай мовы, пра неабходнасць захоўваць беларускую мову. Вучні пашырылі свой слоўнікавы запас і праявілі творчыя здольнасці, прняўшы ўдзел у гульнях і конкурсах, дзе паказалі добрыя веды ў перакладзе слоў з рускай на беларускую мову, разгадвалі загадкі, вымаўлялі скорагаворкі, падбіралі розным прадметам беларускія назвы.
У Вердаміцкай бібліятэцы адбыліся гучныя чытанні “Хай вам будзе светла з беларускай мовай!”. Сустрэчу бібліятэкар распачала прыгожым вершам беларускага паэта-песенніка Дзмітрыя Пятровіча “Родная мова”, прапанавала дзецям пазнаёміцца з адметнасцямі нашай роднай мовы, на якіх грунтуецца меркаванне замежных вучоных аб тым, што беларуская мова з’яўляецца “другой па мілагучнасці пасля італьянскай”. З задавальненнем вучні чыталі цудоўныя вершы айчынных аўтараў: “Дзеці” А.Вольскага (Чэрній Саша), “Першыя крокі вясны” С.Быкавай (Воранаў Мікіта), “Зімой у лесе” Я.Купалы (Салавей Аляксандра) і іншыя. Напрыканцы мерапрыемства рабяты пазнаёміліся з навінкамі серыі кніг “Таямніцы беларускай мовы” і выказалі свае меркаванні аб тым, што кожны беларус павінен вывучаць, ведаць, любіць сваю родную мову і ёй ганарыцца.
21 лютага Нязбодзіцкая бібліятэка-цэнтр краязнаўства запрасіла ўдзельнікаў аматарскага аб’яднання “У сямейным крузе” на дзень роднай мовы “Скарбы роднай мовы – багатыя і слаўныя”. Для дзяцей была падрыхтавана тэматычная выстава “Слова роднае ў вяках ушанаванае”, прадстаўленая самымі рознымі кнігамі з серыі “Таямніцы беларускай мовы” і “Маленькі прафесар”, Г.Нічыпаровіча “Загадкавы свет”, А.Зэкава “Лічба з літарай сябруюць, якія былі выкарыставаны ў практычных заданнях. Да ўвагі дарослых чытачоў прадстаўлены кнігі класікаў беларускай літаратуры Я.Коласа, У.Караткевіча, І.Мележа, І.Шамякіна і сучасных беларускіх аўтараў Н.Батраковай, В.Куліка, Т.Красновай-Гусачэнкі. Падчас гісторыка-літаратурнага падарожжа “У спадчыну – роднае слова” прысутныя даведаліся аб узнікненні Міжнароднага дня роднай мовы, чаму для святкавання быў абраны дзень 21 лютага, аб шляхах развіцця і станаўлення беларускай мовы. Прагучалі вершы пра Беларусь, мову, слова. Затым усе разам уключыліся ў творчую дзейнасць: разгадвалі крыжаванку, адказваючы на пытанні, дзе знаходзіцца наша краіна. Прынялі ўдзел у гульні “Крыніца мудрасці”, у конкурсах “Аднавіце словы”, “Перакладчыкі”, “Беларускія загадкі”, адказвалі на пытанні задання “Старажытная мова – сучаснай аснова”. У канцы сустрэчы бібліятэкар запрасіла далучыцца да роднай мовы, выбраць беларускія творы для хатняга чытання.
У Поразаўскай бібліятэцы-цэнтры краязнаўства для ўдзельнікаў аматарскага аб’яднання “Аптыміст” 21 лютага прайшла паэтычная гадзіна “Кроплі звонкія роднага слова”. Прысутныя даведаліся аб заснаванні Міжнароднага дня роднай мовы і менавіта чаму ён адзначаеца 21 лютага, аб шляхах развіцця і станаўлення беларускай мовы. У ходзе мерапрыемства ўдзельнікі аб’яднання з захапленнем слухалі і чыталі вершы знакамітых беларускіх паэтаў Я.Купалы, М.Танка, Н.Гілевіча, П.Панчанкі, У.Дубоўкі, А. Грачанікава, І.Пракаповіча, прысвечаныя роднай мове, праверылі свае веды валодання беларускай мовай падчас удзелу ў конкурсах: “Перакладчыкі” і “Знаўцы беларускага фальклору”. У канцы мерапрыемства прысутныя пазнаёміліся з інфармацыйнай выставай “Роднага слова гук чароўны”.
Бібліятэкар Корнадзьскай бібліятэкі–цэнтра эстэтычнага выхавання ў гэты дзень арганізавала для дзяцей гучныя чытанні “Зрабі ласку, пачытай беларускую казку”. Рабяты даведаліся пра свята роднай мовы, як з’явілася казка, ім былі прапанаваны беларускія народныя казкі і казкі беларускіх пісьменнікаў, на якіх вырасла не адно пакаленне дзяцей. Удзельнікі мерапрыемства з задавальненнем па чарзе чыталі творы на роднай мове “Ганарыстая варона”, “Не сілай , а розумам”, казку К.Жука “Як мядзведзь пчаляром стаў” і іншыя. Дзеці актыўна адказвалі на пытанні віктарыны, разгадвалі загадкі пра казачных герояў. Напрыканцы сустрэчы удзельнікі прачыталі казку “Сынок з кулачок” па ролях.
У Велікасельскай бібліятэцы для юных чытачоў прайшла прэзентацыя выставы-парады “Зрабі ласку – пачытай беларускую казку”. Бібліятэкар звярнула ўвагу прысутных на тое, што беларускія казкі – цудоўныя ва ўсіх адносінах і маюць свае асаблівасці, у іх закладзена жыццёвая мудрасць, транслююцца духоўныя якасці і каштоўнасці, уласцівыя менавіта беларускім людзям. Былі прэзентаваны выданні беларускіх народных казак і казак беларускіх пісьменнікаў: М.Багдановіча, З.Бядулі, В.Віткі, А.Якімовіча, У.Ліпскага, У.Мазго, А.Масла, Л.Рублеўскай, М.Чарняўскага.
Дзеці з цікавасцю слухалі ўрыўкі з казак, адгадвалі герояў і назвы, прымалі ўдзел ў “Казачным полі цудаў”. Падводзячы вынікі, удзельнікі мерапрыемства прыйшлі да высновы, што казка — гэта не проста забава. Гэта пасланне нашчадкам пра тое, як жыць, любіць, сябраваць, дзейнічаць у складаных сітуацыях, як будаваць сям’ю, адносіны паміж людзьмі.
Пацуеўская бібліятэка запрасіла выхаванцаў дзіцячага садка на гадзіну мовазнаўства “Роднай мовы пералівы”. Пад час сустрэчы бібліятэкар звярнула ўвагу прысутных на тое, якая цудоўная і мілагучная наша беларуская мова, мова, на якой размаўлялі нашы продкі. Дзеці пазнаміліся з вясёлымі вершамі, казкамі, лічылкамі беларускіх пісьменнікаў У.Мазго, В.Лукшы, А.Жыгунова, А.Вольскага, У.Мацвеенкі, А.Зэкава і інш., з прыказкамі і прымаўкамі. Успомнілі, як прыгожа гучаць на беларускай мове ветлівыя слоы “Калі ласка”, “Дзякуй”, “Добры дзень, “Да пабачэння” і іншыя. З вялікім інтарэсам разгадвалі загадкі, па прачытаннаму з беларускай народнай казкі ўрыўку, дзеці ўзгадвалі яе назву і галоўных герояў.
22 лютага Навадворская бібліятэка – цэнтр краязнаўства запрасіла вучняў 7 класа на гадзіну-параду “Зрабі ласку – пачытай беларускую казку”. Рабяты з цікавасцю знаёміліся з беларускімі народнымі і аўтарскімі казкамі, зачытвалі ўрыўкі з твораў, дзяліліся думкамі аб прачытанных кнігах на беларускай мове.