18 мая ў Свіслацкай раённай бібліятэцы адбыўся дзень краязнаўства “Я гэты край Радзімаю заву”, прысвечаны 765-годдзю Свіслачы.
У рамках дня краязнаўства прайшлі: слайд-падарожжа “Свіслацкі гісторыка-краязнаўчы музей – захавальнік гісторыі малой радзімы”, калейдаскоп падзей “Гартаючы старонкі памяці”, агляд інфармацыйнай выставы-экспазіцыі “Край свіслацкі – край самабытны”, акцыя “Краязнаўчая літаратурная паштоўка”.
У Міжнародны дзень музеяў адбылася сустрэча з супрацоўнікамі УК “Свіслацкі гісторыка-краязнаўчы музей” Л.Г.Жук, В.В.Шкулепа. Да ўвагі вучняў 10 класа гімназіі №1 імя К.Каліноўскага і членаў Свіслацкай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў была прадстаўлена электронная прэзентацыя “Свіслацкі гісторыка-краязнаўчы музей – захавальнік гісторыі малой радзімы”, якая пазнаёміла з гісторыяй музея, з яго экспазіцыямі, чым жыве ўстанова сёння.
Зацікавіў прысутных аповед пра ўнікальныя экспанаты з фонду музея: свяшчэнная кніга мусульман “Каран” (1898 г.), каталіцкі зборнік малітваў “Молитвослов” (1930 г.), ікона трыпціх (складзень трохстворкавы 19ст.), узнагароды І.Г.Жыўлюка часоў Вялікай Айчыннай вайны за вызваленне гарадоў Італіі і Англіі і інш.
Калейдаскоп падзей “Гартаючы старонкі памяці” вызначыў адметныя моманты з гісторыі Свіслачы: афіцыйная дата заснавання, згодна першага ўпамінання ў Іпацеўскім летапісу; атрыманне статуса мястэчка (1523г.); час уладання Свіслачу Вінцэнтам Тышкевічам, сенатарам Вялікага княства Літоўскага; акупацыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны; пасляваеннае аднаўленне і развіццё; атрыманне статуса горада (14 снежня 2000 года); асноўныя падзеі сённяшняй Свіслачы.
Да ўвагі прысутных была прадстаўлена інфармацыйная выстава-экспазіцыя “Край свіслацкі – край самабытны”, якая раскрывае непаўторную прыгажосць Свіслаччыны, яе прыродныя багацці, турыстычную прывабнасць. Асаблівы інтарэс выклікалі макеты галоўных сімвалаў Свіслачы: кальцо пры ўездзе ў горад, графскі шпіль, арка пры ўваходзе ў парк імя В.Тышкевіча.
У рамках акцыі “Краязнаўчая літаратурная паштоўка” чытачы атрымалі паштоўку з краявідамі Свіслачы і вершамі мясцовых паэтаў, прысвечаныя роднаму краю.