21 лютага ў Свіслацкай раённай бібліятэцы адбылася гадзіна роднай мовы  “Слаўлю цябе, беларуская мова!”, 22 лютага ў Пацуеўскай бібліятэцы – гадзіна мовазнаўства “І льецца мілагучнае слова, родная беларуская мова”, у Вердаміцкай бібліятэцы –  гадзіна роднай мовы “З мовы вытокаў жадаю напіцца…”.

У Свіслацкай раённай бібліятэцы пад час гадзіны роднай мовы  “Слаўлю цябе, беларуская мова!” вучні  СШ № 2 імя М.П.Масонава даведаліся аб заснаванні Міжнароднага дня роднай мовы і менавіта чаму ён адзначаецца 21 лютага. Бібліятэкар распавяла аб тым, калі ўзнікла мова, як з’явіліся першыя словы. Каб раскрыць шматграннасць роднай беларускай мовы, прыгажосць беларускага слова, рабяты зачыталі вершы аб роднай мове, Беларусі, пасля чаго ўсе разам прыйшлі да высновы, што кожны беларус павінен ведаць сваю мову, умець спяваць народныя песні, танчыць народныя танцы, ведаць, як адзначаліся спрадвеку святы нашай зямлі, гуляць у беларускія гульні.

Свае добрыя веды пра родную мову дзеці паказалі  ў конкурсах “Адгадайце загадкі”, “Пагуляем у рыфмы”, “Закончыце прыказкі”, “Хто хутчэй”, “Аматары беларускага фальклору”, “Метаграмы”, “Выправі памылкі”, “Пазнай фразеалагізм”. У ходзе мерапрыемства яны змаглі ўзбагаціць свае веды пра мову, прадэманстраваць, што ім ужо вядома. Напрыканцы сустрэчы бібліятэкар звярнула ўвагу рабят на кніжную выставу “Багата, родная ты мова..”.

Пацуеўская бібліятэка запрасіла вучняў 3-4 класаў на гадзіну мовазнаўства “І льецца мілагучнае слова, родная беларуская мова”. Ва ўступным слове бібліятэкар нагадала, што кожны чалавек павінен ведаць і шанаваць сваю мову, на якой размаўлялі продкі, падкрэсліла ролю мовы для свайго народа. Дзеці пазнаёміліся з вясёлымі вершамі, казкамі, лічылкамі беларускіх пісьменнікаў У.Мазго, В.Лукшы, А.Жыгунова, А.Вольскага, У.Мацвеенкі, А.Зэкава і інш., з прыказкамі і прымаўкамі і ўпэўніліся, што беларуская мова мілагучная.

З вялікім ахвотай рабяты разгадвалі загадкі,  паказалі свае веды ў конкурсах “Размінка”, “Загадкі”, “Рассыпаныя прыказкі”, “Нечаканыя пераўтварэнні”, “Перакладчык”, “Закончыце сказы”, “Пытанні-жарты”, актыўна адказвалі на пытанні віктарыны “Лепшы знаўца казак”. Рабяты прачыталі вершы  П.Панчанкі, У.Дубоўкі, М.Танка, А. Пысіна пра нашу беларускую мову, праглядзелі відэафільм “З любоўю да роднага слова”,  які вучыць  шанаваць сваю мову, свае песні, казкі, звычаі , таму што ўсё гэта – спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб.

Вердаміцкая бібліятэка для вучняў пачатковых класаў правяла гадзіну роднай мовы “З мовы вытокаў жадаю напіцца…”. Бібліятэкар распавяла дзецям пра гісторыю свята, падкрэсліла. што дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта. І мы, беларусы, не выключэнне.

Затым рабяты паўдзельнічалі ў конкурсах “Пагуляем у рыфмы: жывы – нежывы”, “Выправі памылкі”, “Словаведы”, “Перакладчыкі” , “Закончыце прыказкі”, “Конкурс эрудытаў”,  дзякуючы якім  здолелі паказаць свае веды і моўную эрудыцыю. З цікавасцю вучні знаёміліся з кніжнай серыяй “Таямніцы беларускай мовы”  пры дапамозе выставы “Роднага слова гук чароўны”, таксама з навінкамі беларускіх дзіцячых аўтараў. Усе ўдзельнікі мерапрыемства пагадзіліся з высновай, што  нам у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, мудрая і самабытная, якой трэба даражыць, якую трэба любіць і вывучаць.