18 сакавіка ў Свіслацкай дзіцячай бібліятэцы адбылася прэзентацыя мастацка-краязнаўчага вернісажа “Забытая даўніна: майстры і рамёствы Свіслаччыны”.
Трэцякласнікі гімназіі №1 імя К.Каліноўскага апынуліся ў імправізаванай пакоі сядзібы канца XIX-пачатку XX стагоддзя, напоўненым карункамі, ручнікамі, вышыванкамі, саматканымі дзяружкамі, кошыкамі, збанкамі і лялькамі-абярэгамі.
Рабяты даведаліся, што Свіслаччына з даўніх часоў славілася сваімі майстрамі, у свой час тут былі добра развіты самыя розныя промыслы: кераміка, дрэваапрацоўка, ткацтва, гарбарства, бондарства. Каб не толькі пачуць, але дэталёва разглядзець рамёствы і пазнаёміцца з майстрамі Свіслаччыны дзецям была прапанавана аднайменная мультымедыйная прэзентацыя.
А каб вернісаж па-сапраўднаму стаў запамінальным, быў запрошаны майстар поясапляцення Сыраежка Жанна Тадэвушаўна. Яна расказала дзецям, што пояс у традыцыйнай культуры беларусаў з’яўляўся значным, бачным і выключна шматфункцыянальным прадметам. Ён быў не толькі важным і зручным элементам адзення, але і моцным абярэгам. Напрыканцы, гімназісты прынялі ўдзел у майстар-классе ад Жанны Тадэвушаўны.
Дзеці пакідалі мерапрыемства перапоўненыя станоўчымі эмоцыямі і з захапленнем абмяркоўвалі ўбачанае, бо тое, што зроблена менавіта рукамі продкаў, рэчы, якія сагрэты іх цеплынёй, у якія ўкладзена душа майстра, з’яўляюцца вялікай каштоўнасцю.