З нагоды 85-годдзя з дня нараджэння Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна 27 і 28 лютага Пацуеўская і Грынкаўская бібліятэкі запрасілі дзяцей на літаратурнае знаёмства “З усмешкай я гляджу жыццю ў вочы” і паэтычную гадзіну “Чараўнік паэтычнай стыхіі”.

Школьнікі пазнаёміліся з жыццёвым і творчым шляхам паэта,  даведаліся, што некаторыя творы аўтара пакладзены на музыку, што паэт напісаў шмат гумарыстычных і сатырычных твораў. Асаблівую ўвагу звярнулі на вершы, напоўненыя шчырасцю і непасрэднасцю,  прысвечаныя сваёй малой радзіме – роднаму Ушацкаму краю, дзе аўтар нарадзіўся і вырас: “Мая Бацькаўшчына”, “Дома”, “Матчыны рукі”, “Бацьку” і інш. Затым вучні самі зачыталі вершы Барадуліна са зборнікаў, напісаных для дзяцей: “Азбука не забаўка”,  “Ці пазяхае бегемот”, “Азбука – вясёлы вулей”. Усім было цікава паслухаць песню “Трэба дома бываць часцей” на словы паэта Р.Барадуліна, кампазітара І.Лучанка ў выкананні ансамбля “Сябры”. Напрыканцы прысутныя  праглядзелі  відэафільм пра паэта-юбіляра “Да людзей з любоўю ідучы”.