Да Міжнароднага дня роднай мовы 21 лютага ў бібліятэках прайшлі інфармацыйныя мерапрыемствы.

“Кожны народ мае хаця б адзін геніяльны твор, і гэты твор – мова…” – такімі словамі Алеся Разанава распачаўся ўрок беларускамоўя “Шчырая, лагодная, наша мова родная!” у Свіслацкай раённай бібліятэцы.

Падчас мерапрыемства вучні 6 класа гімназіі №1 імя П.Васіленка пачулі і адчулі прыгажосць мілагучнага беларускага слова. З дапамогай мультымедыйнай прэзентацыі “Шчырая, лагодная, родная мова” бібліятэкар пазнаёміла прысутных з гісторыяй узнікнення свята, расказала аб важным значэнні роднай мовы ў жыцці кожнага чалавека. На працягу мерапрыемства гучалі вершы выбітных беларускіх аўтараў у  выкананні вучняў.

Дзеці з задавальненнем адгадвалі загадкі, паспрабавалі сябе ў конкурсах “Перакладчыкі”, “Фалькларынка”, “Закончы прыказку”, тым самым паказалі выдатныя веды роднай беларускай мовы. Напрыканцы сустрэчы бібліятэкар звярнула ўвагу дзятвы на кніжную выставу “Багата, родная ты мова..”. У завяршэнні ўсе разам прыйшлі да высновы, што беларуская мова заслугоўвае таго, каб яе любілі, ганарыліся ёю, і размаўлялі.

Велікасельская бібліятэка запрасіла юных чытачоў на гутарку-віктарыну “Прыгарніся да роднага слова”. Бібліятэкар расказала пра гісторыю ўзнікнення свята мовы,  аб важным значэнні роднай мовы ў жыцці чалавека. Падчас гутаркі ўдзельнікам было прапанавана даведацца пра нешта новае і ўспомніць даўно атрыманыя веды па беларускай мове, выконваючы разнастайныя заданні.

Дзеці адгадалі загадкі, прадоўжылі вершы беларускіх паэтаў, пабывалі ў ролі перакладчыкаў, растлумачылі значэнне фразеалагізмаў, зашыфраваных у малюнках, дапоўнілі беларускія прыказкі, назвалі беларускія народныя казкі па ўрыўках, паказалі свае веды ў віктарыне “Старонкі мінулага і сучаснага”. У завяршэнні мерапрыемства прагучалі заключныя і важныя словы аб тым, што неабходна ведаць сваю мову, гісторыю, культуру. Бібліятэкар пазнаёміла прысутных з выданнямі выставы “Таямніцы роднай мовы”.

У Поразаўскай бібліятэцы-цэнтры краязнаўства дзеці прынялі ўдзел у гульні- падарожжы “Прыгарніся да роднага слова”. На прыпынках “Загадкі”, “Перакладчыкі”,  “Словаведы”, “Знаўцы прыказак”, “Веру – не веру”, “Прадоўжы твор” адгадвалі загадкі, перакладалі рускае слова на беларускую мову, выбіралі правільны адказ з прапанавах  значэнняў  слова,  называлі заканчэнне прыказкі, згаджаліся   ці не з прапанаванымі сцвярджэннямі. Вялікую цікавасць  выклікалі  кнігі  з  выставы “Роднага слова гук  чароўны”.

У Ханчыцкай бібліятэцы-клубе прайшла гульня-віктарына “На матчынай мове”.  “Жартоўная размінка” падняла ўсім настрой, затым прыйшлося праявіць кемлівасць і знаходлівасць, выконваючы заданні віктарыны, успомніць “Прыказкі і прымаўкі” і “Старадаўнія словы”, праверыць свае веды ў заданнях “Падбяры антонімы”, “Згубленыя літары” і інш.  Дзеці паказалі свае здольнасці ў веданні роднай мовы і зрабілі выснову, што неабходна больш чытаць кніг на беларускай мове, каб мець вялікі слоўнікавы запас.