26 лістапада ў Свіслацкай раённай бібліятэцы і Поразаўскай бібліятэцы-цэнтры краязнаўства прайшлі мерапрыемствы да 90-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча.
У Свіслацкую раённую бібліятэку былі запрошаны вучні СШ №2 імя М.П.Масонава на гадзіну літаратурнага партрэта “Пясняр зямлі пад белымі крыламі”. Бібліятэкар расказала пра асноўныя вехі жыцця і творчасці пісьменніка, пра тое, як ён пачаў пісаць вершы і якія з іх былі ўпершыню надрукаваныя.
У ходзе мерапрыемства азнаёміліся з найбольш вядомымі творамі аўтара, даведаліся, якімі творамі Уладзімір Сямёнавіч узбагаціў беларускую літаратуру ў тэматычных і жанравых адносінах, напоўніў яе інтэлектуальным і філасофскім зместам. Асаблівае месца адвялі аналізу рамана “Каласы пад сярпом тваім”, які займае цэнтральнае месца ў творчасці аўтара і можна па праве назваць яго першым беларускім гістарычным раманам. З вялікай цікавасцю рабяты праглядзелі мультымедыйную прэзентацыю пра жыццё і творчы патэнцыял У.Караткевіча, убачылі наколькі ён шырокі і разнастайны, які праявіў сябе ў якасці драматурга, сцэнарыста, нават напісаў лібрэта, выступаў у якасці публіцыста і крытыка, з’яўляецца аўтарам многіх кніг паэзіі, перакладаў і нарысаў.
Да ўвагі прысутных быў зроблены агляд паэтычных твораў Караткевіча, былі прапанаваны творы таленавітага аўтара, прадстаўленыя на юбілейнай выставе “Атланты беларускай літаратуры”.
Напрыканцы сустрэчы, пад уражаннем ад шматграннай творчасці беларускага пісьменніка, вучні выбралі верш з паэтычных зборнікаў і зачыталі ўслых.
У Поразаўскай бібліятэцы-цэнтры краязнаўства прайшло падарожжа па творчасці “Пясняр зямлі пад белымі крыламі”. Прысутныя, паглядзеўшы відэафільм “Свет Караткевіча”, паглыбілі свае веды аб жыцці беларускага паэта, празаіка, драматурга, публіцыста, перакладчыка, кінасцэнарыста.
Знаёмячыся з яго шматграннаю творчасцю, прыгадалі яго зборнікі паэзіі “Быў. Ёсць. Буду”, “На Беларусі Бог жыве”, раманы “Каласы пад сярпом тваім”, “Хрыстос прызямліся ў Гародні”, “Чорны замак Альшанскі”, аповесці і апавяданні “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Чазенія” і інш.