9 студзеня  Свіслацкая раённая бібліятэка запрасіла вучняў гімназіі №1 імя К.Каліноўскага на паэтычную вечарыну “Адвечнасцю і глыбіннасцю дыхае кожны іх паэтычны радок”, прысвечаную 75-годдзю з дня нараджэння В.Іпатавай і 110-годдзю з дня нараджэння Л.Геніюш.

Прысутныя пазнаёміліся з біяграфіяй знакамітых паэтак, якія нарадзіліся на Гродзеншчыне і аддалі свой талент служэнню беларускай паэзіі, услаўленню сваёй Радзімы.

Створаная вельмі моцнымі жанчынамі, сапраўднымі патрыёткамі, паэзія цудоўна аб’ядноўвае вершы, прысвечаныя незалежнай Беларусі і асабіста перажытае, уласныя жаночыя адчуванні. Паэтычныя творы жанчын – гэта крыху іншы свет, дзе існуе галоўнае – пачуцці, бязмежная колькасць пачуццяў. А калі талент паэткі ідзе ад сэрца, ад жывой душы, атрымоўваюцца такія творы, ад якіх сціскаецца ў грудзях. Менавіта, такой паўстала перад юнымі чытачамі творчасць Вольгі Іпатавай і Ларысы Геніюш. Вучні гімназіі №1 зачыталі найбольш спадабаўшыяся іх вершы, пазнаёміліся з прапанаванымі кнігамі.