Сёлета адзначаецца 78 гадоў з Дня Перамогі ў вайне з фашысцкай Германіяй, але мы зноў і зноў вяртаемся да балючых, крывавых гадоў, дзе ўзрываюцца снарады, гінуць дзеці, дзе спаленыя хаты і вёскі, скалечаныя целы і душы.  Над намі сёння блакітнае, мірнае неба. І гэта не падарунак лёсу. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды змагаліся за тое, каб мы былі шчаслівыя. Іх подзвіг   неўміручы, бессмяротны, застанецца ў вяках і будзе шанавацца нашчадкамі.

Беларуская літаратура ішла дарогамі вайны, вобразна кажучы, стала ў баявыя шарэнгі, набліжала Перамогу. Палымянае мастацкае слова зрабілася адным з магутных сродкаў змагання з ворагамі. Змагаліся празаікі, паэты, змагаліся і іх творы. Яны, нібы салдаты ў баі, баранілі Радзіму.

Фонд Свіслацкай раённай бібліятэкі папоўніўся новымі паступленнямі кніг ваеннай тэматыкі.   Гэтыя кнігі – аб подзвігах і смерці, аб горы і радасці, аб жаданні жыць і самаахвяраванні дзеля іншых – словам, аб тым, якой была гэтая вайна і чым прыйшлося за яе заплаціць.

Прачытайце гэтыя балючыя старонкі, зазірніце ў лёсы нашых дзядоў і прадзедаў – можа быць, і на сучаснасць ваш позірк стане крыху інакшым, можа быць, нешта важнае вы здолееце перадаць сваім дзецям, унукам…

 

Вайна. Юнацтва. Подзвіг: зборнік твораў: для дзяцей сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту / мастак Я.У.Шэвякоў. – Мінск: Народная асвета, 2020. – 142с.: іл.

У зборнік уключаны творы аб юнаках і дзяўчатах, чыё сталенне прыйшлося на жудасны ваенны час. У кнізе дзве часткі: у першай Уладзімір Васільевіч Вавула, аўтар шматлікіх публікацый аб гісторыі дзіцячага руху, дае хранікальна-дакументальныя звесткі аб юных героях Беларусі;  у другой увазе чытачоў прадстаўлены паэмы вядомага беларускага пісьменніка Міколы Чарняўскага, прысвечаныя подзвігам юных змагароў за сваю Радзіму. Унікальныя фотаматэрыялы з архіва У.В.Вавулы робяць выданне асабліва каштоўным для ўсіх чытачоў. Адрасуецца дзецям сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту.

 

 

Незабытае рэха вайны: выбраныя вершы беларускіх паэтаў пра Вялікую Айчынную вайну / уклад. Вiктара Шнiпа. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2023. – 126с. – (100 вершаў).

Гэта памятная творчая спадчына, якую сабраў пад адной вокладкай беларускi паэт, намеснiк дырэктара выдавецтва «Мастацкая лiтаратура» Вiктар Шнiп. Гэтыя 100 вершаў напiсаны падчас вайны i пасля Вялiкай Перамогi. Многiя з iх сталi класiкай беларускай лiтаратуры. У лiку аўтараў Анатоль Астрэйка, Алесь Бачыла, Пятрусь Броўка, Васiль Вiтка, Анатоль Вялюгiн, Сяргей Грахоўскi, Кастусь Кiрэенка… Усяго 43 творцы, якiя даказалi, што слова не толькi найлепшая зброя, яно захоўвае памяць i жыве, нiбыта светач, сярод людзей. Кожны радок у зборнiку змушае схамянуцца ад былога лiхалецця. У кнiзе выкарыстаны рэпрадукцыi карцiн з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея. Такiм чынам выданне яшчэ больш уражвае, надзейна аберагае памяць пра Вялiкую Айчынную вайну з дапамогай высокага мастацтва.

 

 

Хлопцы самай вялікай вайны. 25 апавяданняў пра Вялікую Айчынную вайну / укладальнік Алесь Бадак. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2022. – 343с.

Зборнік склалі апавяданні вядомых беларускіх пісьменнікаў:  М.Лынькова, К.Чорнага, Я.Брыля, І.Шамякіна, І.Мележа, В.Быкава, І.Навуменкі, У.Дамашэвіча, І.Пташнікава, В.Адамчыка, І.Чыгрынава, А.Кудраўца, Б.Сачанкі, М.Стральцова, прысвечаныя тэме  Вялікай Айчыннай вайны. У кожнага з аўтараў свая вайна: для адных гэта нялёгкія франтавыя дарогі, для іншых – апаленае дзяцінства. Але ў кожным з іх яна назаўсёды засталася незагойнай ранай, болем, якім пранізаны і напісаныя імі творы.

 

 

 

 

 

Адамовіч, А. Я з вогненнай вёскі… / Алесь Адамовіча, Янка Брыль, Уладзімір Калесніка; паслясл. Людмілы Рублеўскай. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2022. – 415с.

Гэта новае выданне легендарнай кнігі, якая ўпершыню была выдадзена ў 1975 годзе. Дакументальная трагедыя, кніга-памяць, жывы голас людзей, што былі спалены, забіты разам з сям’ёй, разам са сваёй вёскай. Дзесяткі кіламетраў магнітафонных запісаў – расказы больш як трохсот непасрэдных сведкаў хатынскіх трагедый – склалі змест гэтай кнігі. Збіраючы матэрыялы для зборніка жудаснай, трагічнай, драматычнай гістарычнай памяці на тэму “вогненных вёсак”, пісьменнікі аб’ездзілі 147 вёсак у трыццаці пяці раёнах Беларусі.  На працягу 1970-1973 гадоў сустрэліся з сотнямі непасрэдных сведак знішчэння людзей і вёсак, сотнямі сведкаў, якія   цудам ацалелі.