21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы. Для нас беларусаў роднай мовай з’яўляецца беларуская. У ёй захавана гісторыя нашага народа, сіла і прыгажосць народнага мастацкага слова. Да гэтай даты бібліятэкі правялі шэраг цікавых і пазнавальных мерапрыемстваў.
18 лютага чытачы-дзеці Нязбодзіцкай бібліятэкі-цэнтра краязнаўства сталі ўдзельнікамі гадзіны беларускамоўя “Мова мая – мая спадчына”. Рабяты з захапленнем спаборнічалі ў веданні беларускай мовы: выконвалі цікавыя заданні, адгадвалі загадкі, складалі прыказкі, давалі агульную назву прапанаваным словам, перакладалі словы з рускай мовы на беларускую, на хуткасць і выразнасць прагаворвалі скорагаворкі. Усе добра папрацавалі і справіліся з заданнямі на выдатна, паказалі сваю кемлівасць і веданне беларускай мовы. Прапанаваная кніжная выстава з серыі “Таямніцы беларускай мовы” запрасіла ў падарожжа на пошук моўных сакрэтаў. На старонках прадстаўленай літаратуры шмат цікавай інфармацыі з гісторыі з’яўлення літар, іх напісання і ўжывання, пра асаблівае ўшанаванне ў Беларусі некаторых з іх.
18 лютага ў Поразаўскай бібліятэцы-цэнтры краязнаўства быў арганізаваны дзень інфармацыі “Родная мова – жыцця аснова”. У ходзе агляда-знаёмства “Таямніцы роднай мовы” бібліятэкар пазнаёміла школьнікаў з кнігамі серыі “Таямніцы беларускай мовы”, на старонках якіх шмат цікавай інфармацыі з гісторыі з’ялення літар, адкуль пайшла наша родная мова, як правільна прывітацца і развітацца па–беларуску ў залежнасці ад часу дня, пра цікавы і багаты свет беларускага слова, пра самацветы роднай мовы. Вучні з задавальненнем выконвалі займальныя заданні, якія змешчаны на старонках выданняў.
Бібліятэкар запрасіла ў бібліятэку жанчын-пенсіянераў на гадзіну роднай мовы “Шчырая, лагодная мова наша родная”. Прысутныя даведаліся аб заснаванні Міжнароднага дня роднай мовы і менавіта чаму ён адзначаеца 21 лютага. У ходзе мерапрыемства прысутныя з захапленнем слухалі і чыталі вершы знакамітых беларускіх паэтаў Я.Купалы, М.Танка, Н.Гілевіча, П.Панчанкі, У.Дубоўкі, А.Грачанікава, І.Пракаповіча, прысвечаныя роднай мове, праверылі свае веды валодання беларускай мовай падчас удзелу ў конкурсах “Перакладчыкі” і “Знаўцы беларускага фальклору”. Напрыканцы пазнаёміліся з тэматычнай выставай “Роднага слова гук чароўны”.
19 лютага Ханявіцкая бібліятэка-цэнтр краязнаўства запрасіла ўдзельнікаў аматарскага аб’яднання “Чытайка” на моўны турнір “Таямніцы беларускіх слоў”. Пачалася сустрэча з размовы пра гісторыю ўзнікнення Міжнароднага дня роднай мовы, пра неабходнасць захоўваць беларускую мову. Затым дзве каманды “Кнігалюбы” і “Эрудыты” прынялі ўдзел у конкурсах: “Назаві адным словам”, “Выправі памылкі”, “Расшыфруй прыказку”, “Перакладчыкі”, разгадвалі загадкі. За актыўны ўдзел рабяты былі ўзнагароджаны салодкімі прызамі. Напрыканцы сустрэчы бібліятэкар звярнула ўвагу на тэматычную выставу “Родная мова – крыніца натхнення!”, прадстаўленую самымі рознымі кнігамі з серыі “Таямніцы беларускай мовы” і “Маленькі прафесар”, Г.Нічыпаровіча “Загадкавы свет”, В.Віткі “Урокі роднага слова” і інш.
19 лютага ў Ханчыцкай бібліятэцы-клубе ў ходзе агляда выставы-прапановы “Гімн роднай мове” бібліятэкар зрабіла кароткае паведамленне аб гістарычным развіцці беларускай мовы, падкрэсліўшы, што сёння яна роўная сярод іншых моў свету, пра важную ролю яе для народа і краіны. Удзельнікі дакрануліся да крыніц беларускай мовы, пазнаёміліся з вершамі, апавяданнямі, казкамі беларускіх аўтараў. Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Васіль Быкаў – гэта няпоўны пералік аўтараў, па творах якіх можна вывучаць беларускую мову. На выставе былі прадстаўлены мастацкія творы беларускіх аўтараў, кнігі серыі “Маленькі прафесар”, інфармацыйны матэрыял і выказванні пра беларускую мову. Рабяты прынялі актыўны ўдзел у акцыі “Маё любімае слова беларускае”, дзе кожны з задавальненнем напісаў на плакаце сваё любімае беларускае слова.