У першы тыдзень верасня ў бібліятэках традыцыйна праходзяць інфармацыйна-пазнавальныя мерапрыемствы да Дня беларускага пісьменства.

2 верасня ў Корнадзьскай бібіліятэцы – цэнтры эстэтычнага выхавання на інфармацыйнай гадзіне “Па слядах першадрукара” бібліятэкар распавяла пра жыццёвы шлях, светапогляд  і шматгранную асветніцкую дзейнасць беларускага першадрукара, асветніка-гуманіста Францыска Скарыны, аб першых яго кнігах “Псалтыр” і “Біблія”, былі зачытаны вершы Н. Гілевіча “Мара Скарыны”, М. Багдановіча “Кніга”, Л. Геніюш “Скарына”. Дзеці актыўна адказалі на пытанні прапанаванай віктарыны “Францыск Скарына, або Як да нас прыйшла кніга”, праглядзелі відэафільм “Франциск Скорина – Тайны великого просветителя. Гении и злодеи”. Да іх увагі былі прадстаўлены кнігі “Ф.Скарына. Чалавек-энцыклапедыя, “Ф.Скарына. Чалавек-легенда”, “Ф.Скарына. Чалавек свету” серыі “Беларуская дзіцячая энцыклапедыя”, выданні пра вядомых гуманістаў-асветнікаў, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё пісьменства і кніжных ведаў на беларускіх землях.

3 верасня ў Ханявіцкай бібліятэцы-цэнтры краязнаўства адбыўся дзень інфармацыі “Кніга – духоўная скарбніца беларусаў”. Да ўвагі чытачоў была прадстаўлена выстава-знаёмства “Шлях беларускага друкаванага слова”. Дзеці здзейснілі падарожжа ў мінуўшчыну “Адкуль пісьменства прыйшло”. Ва ўступным слове бібліятэкар пазнаёміла дзяцей з гісторыяй ўзнікнення свята Дня беларускага пісьменства. Рабяты даведаліся якія былі першыя кнігі, і як яны мяняліся на працягу многіх гадоў, атрымалі цікавую інфармацыю пра знакамітых асветнікаў К.Тураўскага, Е.Полацкую, першадрукара Ф. Скарыну, прынялі ўдзел ў віктарыне “Пісьменства на беларускай зямлі”. Напрыканцы мерапрыемства бібліятэкар нагадала прысутным запаветныя словы беларускага першадрукара: “Любіце кнігу, бо яна – крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы”.

3 верасня Вердаміцкая бібліятэка запрасіла вучняў 6-8 класаў на інтэлект-гульню “З гісторыі беларускага кнігадрукавання”. Рабяты пазнаёміліся з тэматычнай выставай “Летапіс беларускага слова”, праслухалі паведамленне бібліятэкара пра гісторыю свята, пра тое, што сёлета эстафету святкавання Дня пісьменства прыняў г.Добруш Гомельскай вобласці, расказала рабятам пра беларускіх асветнікаў. Школьнікі прымянілі ўсе свае веды і эрудыцыю для ўдзелу ў гульні, адказвалі на пытанні па гісторыі беларускага кнігадрукавання, пра асветніцкую дзейнасць Ф.Скарыны, уклад у развіццё адукацыі, культуры і літаратуры прадаўжальнікаў яго справы – Е.Полацкай і К.Тураўскага, У.Цяпінскага і С.Буднага.

3 і 4 верасня Велікасельская бібліятэка і Ханчыцкая бібліятэка-клуб арганізавалі гадзіну цікавых фактаў “Адкуль пісьменства прыйшло”, у ходзе якога рабяты даведаліся шмат цікавага пра старажытныя рукапісныя кнігі і першыя друкаваныя кнігі на беларускай мове, пра знакамітых беларускіх асветнікаў. Тэматычная выстава “З гісторыі беларускага пісьменства” раскрыла жыццядзейнасць першадрукара Ф.Скарыны, полацкай князёўны, апякункі Беларусі Е.Полацкай, асветніка і пісьменніка К.Тураўскага, філосафа-асветніка С.Полацкага, мысліцеля-гуманіста С.Буднага, пісьменніка і кнігавыдаўца В.Цяпінскага, паэта-гуманіста і асветніка эпохі Адраджэння М.Гусоўскага. Рабяты актыўна прынялі ўдзел у гульнёвым блоку “Разминка для ума” і прыйшлі да агульнай высновы, што мы павінны ганарыцца сваёй гісторыяй, тымі людзьмі, што з’яўляюцца сведчаннем цывілізаванасці, культуры і адметнай самабытнасці нашага народа.

4 верасня Пацуеўская бібліятэка запрасіла дзяцей на гадзіну цікавых фактаў “Кніга – духоўная скарбніца беларусаў”. Пад час сустрэчы прысутным цікава было  даведацца пра  гісторыю стварэння кнігі, пра старыжытныя рукапісныя і першыя друкаваныя кнігі на беларускай мове. Юныя чытачы з інтарэсам слухалі аповед бібліятэкара пра знакамітых беларускіх асветнікаў: самага яркага і найбольш вядомага творца беларускай культуры, беларускага першадрукара Францыска Скарыну, які у 1517 годзе выдаў першую друкаваную беларускую кнігу “Псалтыр”, пра вядомую асветніцу Еўфрасінню Полацкую, асветніка, паэта Міколу Гусоўскага, царкоўна-славянскага паэта Сімяона Полацкага і інш. Дзеці з інтарэсам праглядзелі відэафільм “Святло Скарынавых кніг”, успомнілі  прыказкі і прымаўкі пра кнігу.