Выстава адной кнігі "Зямля сілы - Белавежская пушча"

Белавежская пушча – самы старажытны лес Еўропы вядомы на ўсю планету сваімі гаямі і вадаёмамі, найбагацейшым жывёльным і раслінным светам. Славутая мясціна Беларусі – Белавежская пушча ўслаўлена паэтамі і кампазітарамі, аб ёй шмат напісана кніг, навуковых артыкулаў, складзена легендаў і паданняў.

Паважаныя чытачы!

Вашай увазе прадстаўляем  кнігу-фотаальбом “Зямля сілы – Белавежская пушча” – ўнікальнае  выданне, якое з’яўляецца гонарам нашага фонду, своеасаблівай энцыклапедыяй   знакамітага нацыянальнага парку.

Фотаальбом “Зямля сілы – Белавежская пушча” прысвячаецца 600-годдзю ўстанаўлення запаведнага рэжыму ў Белавежскай пушчы. Высокая якасць паліграфіі, сучасны дызайн кнігі-фотаальбома былі адзначаны на ХХІІІ Маскоўскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы Гран-пры, фотаальбом “Зямля сілы – Белавежская пушча”  атрымала   перамогу і ў Нацыянальным конкурсе “Залаты фаліянт” у намінацыі “Зямля мая”.

Чытач мае магчымасць прагарнуць 600 старонак незвычайнай кнігі, дзе пад адной вокладкай сабрана вялікая колькасць непаўторных фотаздымкаў, аб харастве і багацці расліннага і жывёльнага свету пушчы, змешчаны цікавыя факты з моманту  з’яўлення   першых людзей на яе тэрыторыі і  да   нашых дзён. Дадаткова ў выданне ўключаны   рарытэтныя карты розных стагоддзяў. Асаблівая адметнасць -  урыўкі з твораў айчыннай літаратуры,  рэпрадукцыі мастацкіх палотнаў, прысвечаныя Белавежы. Брэндам выдання сталі вытрымкі з "Песні пра зубра", якія прапісаў вядомы беларускі каліграф Павел Семчанка.

Выданне адкрываюць разваротныя здымкі. Праз фотадакументы перададзены як трагічныя эпізоды, так і гады велічы запаведнага краю. Фотаальбом ахоплівае гісторыю запаведніка з моманту з’яўлення на гэтай тэрыторыі першых людзей да сучаснасці.

Фотаздымкі  з’яўляюцца  асноўнай  часткай  альбома. Арыгінальныя,  унікальныя, непаўторныя – яны  адлюстроўваюць   багацце   флоры і  фауны   пушчы.

 

Кожная   частка   кнігі   прысвечана   чарговаму   этапу   ў   гісторыі   нацыянальнага   запаведніка: “Яшчэ да нашай эры”, “Першыя пісьмовыя згадкі”, “У часы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай”, “У складзе Расійскай імперыі”, “У гады Першай сусветнай вайны”, “У гады Другой сусветнай вайны”, “Аднаўленне запаведніка”, “Запаведнік у 1944-57гг.”, “Белавежская пушча ў 1957-91гг.”, “Новыя далягляды Нацыянальнага парку”. 

За стагоддзі свайго існавання пушча зведала нямала гаспадароў. І многія з іх глядзелі на гэты цуд прыроды як на крыніцу асалод і даходаў, палюючы ды высякаючы лясы. І, канешне, ім патрэбны былі падрабязныя карты і планы, каб арыентавацца ў гэтым лясным моры. Якія толькі не ўзнікалі карты: расійскія, польскія, нямецкія. Кніга змяшчае фотаздымкі і ілюстрацыі гэтых карт.

Карты Белавежскай пушчы

 Дж.Малета.
“Чацвёртая карта Еўропы.”
1662г

Фрагмент “Спецыяльнай карты”
Еўрапейскай Расіі”
19ст.

 
Фрагмент карты Радзівіла-Макоўскага

 Асобны раздзел кнігі “Слова пра зубра” прысвячаецца патрыярху пушчы – белавежскаму зубру, нашчадку першабытнага даўгарогага быка тыпу бізона. Прыводзяцца горкія лічбы іх знішчэння: у царскім паляванні 1894г. за 10 дзён забіта 36 зуброў; перад Першай сусветнай вайной у пушчы налічвалася 727 зуброў, а ў 1916г. іх усяго 100; да зімы 1919г. застаецца 9 зуброў; у лютым 1919г. забіта апошняя зубрыца. У дальнейшым ідзе аповед пра аднаўленне папуляцыі зуброў. Паводле перапісу 2008г. у беларускай частцы Белавежскай пушчы маецца 364 зубры. А ўсяго іх па свеце па стане на 2007г. – 3810. У кнізе вельмі шмат змешчана фотаздымкаў, якія ўражваюць: зубры на падкормцы, на вадапоі, зубрыны статак з маленькімі зубранятамі на лясной палянцы.

Раздзел кнігі “Пушча – родны дом жывёл” раскрывае багаты і разнастайны жывёльны свет Белавежскай пушчы. Пушча для жывёл – родны дом. Тут хапае   месца ўсім, і па сцежках зубра і дзіка ходзяць лісы, алені, ласі. У спісе насельнікаў пушчы налічваецца больш за 10 тысяч     відаў розных груп жывёл.

У кнігу ўвайшлі 12 легендаў пра Белавежскую пушчу. Гэта такія, як “Зубры-археолагі”, “Курганы-абярэгі”, “Адкуль назва “Белавежская”, “Пушчанскія скарбы” і інш.                 

Легенда “Зямля сілы”

З даўніх часоў пушчанцы верылі, што іх зямля і ўсё, што на ёй прарастае, ад кволых травінак да дубоў-веліканаў, ад маленькіх каменьчыкаў да вялізных валуноў, – жывое.

Як у целе па сасудах рухаецца кроў, так і ў целе зямлі па каналах-пластах пульсуе энергія жыцця, а ў месцах перасячэння гэтых каналаў утвараюцца цудадзейныя “вузлы”, дзе энергія набывае незвычайную моц. Іх называюць “месцамі сілы”.

Белавежскую пушчу здаўна лічылі “зямлёй сілы” – адсюль і яе выключнасць, запаведнасць. Прашчураў здзіўляла сама яе казачная жывучасць. Бо немагчыма растлумачыць, як змагла ўцалець яна цягам шматлікіх войнаў, што пракаціліся ўраганамі па яе тэрыторыі…

Мабыць, аберагаў пушчу і адводзіў узнесеную над ёй сякеру сам дух месца.

Сярод такіх “месцаў сілы” у Белавежскай пушчы – старажытныя капішчы – месцы, дзе ладзіліся язычніцкія абрады. Яны мудрагеліста абкладзены валунамі. Гэта незвычайная каменная выкладка – своеасаблівая перашкода для ўваходу ў цэнтр круга, ці ў нутро жывой энергіі. І калі ўсё ж пашчасціць трапіць у гэты круг, адчуеш уздзеянне нейкіх таемных сіл, апануюць цябе незвычайныя пачуцці: нібы дотык незлічоных іголачак прабяжыць па ўсім целе і закружыцца галава… І тады паверыш: вось яно – патаемнае – аб’яднаная сіла зямлі, камянёў і людзей.

Тая ж жыццядайная энергія пульсуе і ў месцах, дзе растуць дрэвы-веліканы. А гігантаў такіх у беларускіх абшарах не менш за тры тысячы.

Досыць пабыць у пушчы два тыдні, і ў цябе нібыта абнаўляецца кроў. Лес лечыць сваім гаючым паветрам, супакойвае душу пошумам дрэў, дорыць натхненне непаўторным спевам птаства.

Цудадзейная Белавежская пушча – Зямля сілы.

Кніга змяшчае  больш чым 50 вершаў беларускіх паэтаў (Мікола Мятліцкі, Анатоль Шушко, Васіль Гілевіч, Пятрусь Броўка, Язэп Пушча, Навум Гальперовіч, Янка Купала, Павел Саковіч, Васіль Жуковіч, Янка Сіпакоў, Мікола Маляўка, Генадзь Пашкоў, Аркадзь Куляшоў, Казімір Камейша, Пімен Панчанка, Анатоль Шушко, Мікола Чарняўскі, Пятро Прыходзька, Міхась Рудкоўскі, Максім Танк, Яўген Хвалей, Алесь Бачыла, Уладзімір Мароз, Анатоль Вялюгін, Фелікс Баторын, Зоя Падліпская, Ніна Галіноўская і інш.).

Чытаеш вершы, глядзіш на побач размешчаныя фотаздымкі, якія падцвярджаюць гэтыя паэтычныя радкі, і  акунаешся ў гэтую прыгажосць і чароўнасць,  сутыкаешся з пушчай, застаешся пад  незабыўным уражаннем ад агромністай дзікай першабытнай прыроды, ад пастаяннага шуму ліставага лесу, ад сустрэчы з жывым патрыярхам і гонарам  Белавежскай пушчы –  зубрам.

Турысцкі патэнцыял пушчы стаў асновай для вылучэння яе ў 2004 годзе ў самастойную турысцкую зону – Еўрарэгіён “Белавежская пушча”.

 Тут развіты экскурсійны, экалагічны, дзелавы, паляўнічы турызм.

Веласіпедныя маршруты па паўднёвай частцы пушчы сярод тыповых для яе лясных комплексаў: “Царская паляна” (працягласць 10 км), “Звярыны пераход” (16 км), “Лясныя таямніцы” (19 км), “Вялікае падарожжа” (27 км).

 

Падчас агляднай экскурсіі па Нацыянальнаму парку наведвальнікі знаёмяцца з асаблівасцямі першабытнага лесу і яго насельнікамі, рознымі ландшафтамі, азёрамі і рэкамі, могуць убачыць бабровыя плаціны, 600-гадовы дуб, 350-гадовую хвою і шмат іншага. З прыродных аб’ектаў дэманструюцца кап на ствале бярозы ў форме галавы зубра, адзіная ў Еўропе вечназялёная ліяна – плюшч звычайны, які падымаецца па ствалах дрэў.

 

 

 

Нацыянальны парк “Белавежская пушча” – буйны турысцкі цэнтр Беларусі, тут створана добра-ўпарадкаваная база для прыёму турыстаў.

Сярод прыроднага лесу ў маляўнічых кутках размешчаны гасцінічны комлекс “Камянюкі”, гасцявыя домікі “Перароў” і “Дом графа Тышкевіча”. У 2008г. уведзена ў строй новая гасцініца на 39 нумароў. У складзе комлексу дзве канферэнц-залы, два басейны, тры сауны, трэнажорная зала. Стравы нацыянальнай беларускай кухні з рыбы, дзічыны, ягад і грыбоў пушчы можна пакаштаваць у рэстаране “Белавежская пушча”, кафэ “Сосны”, “Алеся”, летнім кафэ “Лясная казка”.

 

Фотаальбом  “Зямля сілы. Белавежская пушча” – гэта наша з вамі пасланне ў   будучыню, гэта ілюстраваная візітная картка нашай Радзімы.

Контакты

Тел. .: 8(01513) 71379
Адрес: 231960, Республика Беларусь
Гродненская обл., г.Свислочь
ул. Первомайская,4
E-mail: svbcbs@mail.ru