Выстава-экспазіцыя "Майстэрства рук чароўных"

Яркай і самабытнай старонкай у гісторыі беларускай культуры, неад’емнай часткай духоўнасці нашага народа з’яўляецца народная творчасць. Вельмі радуе тое, што не страчваюцца народныя таленты, не перавяліся яшчэ ў нашай краіне і, у прыватнасці, на Свіслацкай зямлі, народныя ўмельцы, якія працягваюць справу продкаў. Іх працы ўражваюць сваёй непаўторнасцю і прыгажосцю, сведчачы аб тым, што і сёння існуе непарыўная сувязь пакаленняў, дзякуючы якой жывуць гістарычныя традыцыі нашых прадзедаў.

Стала добрай традыцыяй з мэтай папулярызацыі творчасці мясцовых майстроў у чытальнай зале Свіслацкай цэнтральнай бібліятэкі арганізоўваць выставы-экспазіцыі пад агульнай назвай “Майстэрства рук чароўных”, якія перыядычна змяняюцца і абнаўляюцца. На сучасны момант на ёй прадстаўлены вырабы, якія засталіся ў спадчыну ад матуль і бабуль нашым чытачам – гэта саматканыя дываны, вышываныя крыжыкам карціны, рушнікі, сурвэткі, расшытыя рознымі ўзорамі.

Вабяць вока дываны вытканыя Навасад Людмілай Міхайлаўнай з вёскі Кулявічы Свіслацкага раёна. З маладых гадоў яна праяўляла цікавасць да ткацтва. Першым настаўнікам ткацтва была мама – Пабудзей Таццяна Антонаўна. Людміла Міхайлаўна ўспамінае, з якім захапленнем яна з сяброўкамі Карніловіч Зінаідай Сцяпанаўнай і Насевіч Ядзвігай Іванаўнай здымалі ўзоры ўпадабаных імі дываноў. А так, як узоры былі вялікімі і складанымі для таго каб перанесці іх на паперу, прыходзілася склейваць па некалькі лістоў з вучнёўскага сшытка. За прыгожымі і незвычайнымі ўзорамі хадзілі ў суседнія вёскі Мінічы і Зарэчані.

Вышываныя крыжыкам карціны: “Папугай”, “Іспанка”, “Украінка”, “Памочніца” – свіслачанкі Фалькоўскай Дануты Казіміраўны. Вышыўка – заўжды была спадарожніцай Дануты Казіміраўны. Вышывала яна дзяўчынай і працягнула гэты занятак стаўшы замужняй жанчынай. Яна заўжды выбірала сучаныя матывы, а з густам падабраны колер нітак заўсёды рабіў карціны прыгожымі і непаўторнымі.

Тры карціны вышываныя крыжыкам: “Вінаград”, “Букет”, “Папугай” – Нікіцік Ніны Мікалаеўны з вёскі Пуцкі Свіслацкага раёна. Гэтым карцінам больш за 70 год. Вышываліся яны зімовымі вечарамі пры газавай лампе, калі ў хаце была пароблена асноўная праца і дагледжана сям’я, тады Ніна Мікалаеўна з асалодай магла аддацца любімаму занятку. За сваё жыццё яна вышыла шмат карцін, якімі і сёння захапляюцца ўнукі і праўнукі. Некаторыя з яе ўнукаў робяць спробу прадоўжыць бабуліна майстэрства.

Шмат прыгожых самаробных вырабаў захоўваецца ў свіслачанкі Піваварчык Ганны Пятроўны. Вабяць вока прадстаўленыя на выставе яе вышытыя ручнік, абрус і сурвэтка, дзе на беласнежнай аснове размясціліся яркія гронкі вінаграду, маляўнічыя ўзоры з розных па форме і памерах кветак.

Імкліва бяжыць час. Адыходзяць у іншы свет нашы родныя і блізкія, а майстэрства, створанае іх таленавітымі рукамі жыве і чаруе сваёй прыгажосцю. Прыцягвае ўвагу, кранае арыгінальнасцю вышыўка Хамчук Антаніны Фёдараўны з вёскі Пуцкі, якую яна аставіла ў спадчыну сваёй дачцэ. Рознакаляровыя ружы, блакітныя незабудкі, гарэзлівыя браткі нібы сёння сышлі з кветніка, каб радаваць людзей сваёй красой заўжды.

Мастацка дапаўняюць гэтую выставу вязаныя лялькі ў нацыянальным беларускім адзенні, выкананыя супрацоўнікамі Свіслацкай дзіцячай бібліятэкі Інай Віктараўнай Янушкевіч, Наталляй Міхайлаўнай Шваб разам з удзельнікамі клуба “Вясёлка”.

Контакты

Тел. .: 8(01513) 71379
Адрес: 231960, Республика Беларусь
Гродненская обл., г.Свислочь
ул. Первомайская,4
E-mail: svbcbs@mail.ru